"Ішла закрываць бальнічны" — бацька расказаў пра памерлую ельскую школьніцу

У ельскай бальніцы памерла 14-гадовая школьніца

У ельскай бальніцы памерла 14-гадовая школьніца / кадр з акаўнту ў TikTok

Сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці смерці 14-гадовай школьніцы з Ельска. 17 траўня яна памерла ў рэанімацыйным аддзяленні мясцовай бальніцы.

У дзень смерці дзяўчынка пайшла ў паліклініку, каб закрыць бальнічны. Пра гэта выданню Onliner расказаў яе бацька.

Паводле яго, перад тым дзяўчынка чатыры дні была на бальнічным з кашлем і болямі ў горле. 16 траўня яна пачувалася добра, тэмпературы не было — і яна пайшла закрываць бальнічны. Яна нават паспела паведаміць класнай кіраўніцы, што гатовая вярнуцца да заняткаў.

Разам з дзяўчынкай пайшла маці, разам яны даведаліся, што дзяўчынку трэба шпіталізаваць, бо ў лёгкіх былі хрыпы. Яна сабрала рэчы і каля 11-й была ў лякарні. У 13:35, кажа бацька, яму затэлефанавалі і сказалі, што дзіця ў коме ў рэанімацыі. Рэанімабіль з Мазыра прыехаў прыкладна ў 17:30-17:40, але вырашылі чакаць спецыялістаў з Гомеля — тыя прыехалі прыкладна ў 23:30. Пры гэтым яшчэ каля 21-й гадзіны бацькоў папярэдзілі, што варта рыхтавацца да самага горшага: у дзіцяці неаднаразова спынялася сэрца.

У 23:50 дактары сказалі бацьку, што дачка памерла.

Паведамляецца, што дзяўчынка расла ў шматдзетнай сям’і — у яе засталіся тры сястры і два браты. Яна вучылася ў сёмым класе. Бацька кажа, што дачка захаплялася спортам — займалася бегам. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.