Суд аштрафаваў Польшчу за невыкананне патрабаванняў ЕС: што гэта значыць
Мітынг у падтрымку сяброўства Польшчы ў Еўрапейскім саюзе пасля таго, як Канстытуцыйны трыбунал краіны пастанавіў аб вяршэнстве Канстытуцыі над заканадаўствам ЕС, падрываючы ключавы прынцып еўрапейскай інтэграцыі. Варшава, 10 кастрычніка 2021 года / Reuters
Суд Еўрапейскага саюза аштрафаваў Польшчу за невыкананне патрабаванняў ЕС аб ліквідацыі дысцыплінарнай палаты Вярхоўнага суда Польшчы. Цяпер Варшава абавязаная выплачваць Еўракамісіі 1 мільён еўра штодня, пакуль не будзе прынята канчатковае рашэнне па справе. Прадстаўнікі польскага боку назвалі гэтае рашэнне "ўзурпацыяй і шантажом".
"Заборона" расказвае пра справу Еўракамісіі супраць Польшчы і тлумачыць, у чым праблема польскай судовай рэформы.
Рашэнне Еўрапейскага суда
27 кастрычніка 2021 года суд Еўрапейскага саюза ў Люксембургу абавязаў Польшчу выплаціць перыядычны штраф у памеры 1 мільёна еўра ў дзень за невыкананне патрабавання суда прыпыніць дзеянне пэўных палажэнняў польскага заканадаўства, якія тычацца функцыянавання дысцыплінарнай палаты Вярхоўнага суда Польшчы.
Спікер польскага ўрада Пётр Мюлер заявіў у сваім мікраблогу ў твітары, што ў Еўрасаюза няма кампетэнцыі ўмешвацца ў нацыянальнае заканадаўства сваіх сябраў.
"Еўрапейскі саюз — гэта супольнасць суверэнных дзяржаў, якая кіруецца дакладнымі правіламі. Яны забяспечваюць дакладнае размеркаванне паўнамоцтваў паміж ЕС і дзяржавамі-сябрамі. Пытанне рэгулявання арганізацыі судовай сістэмы ёсць выключная кампетэнцыя дзяржаў-сябраў", — піша Мюлер.
У той жа час, па словах намесніка міністра юстыцыі Польшчы Себасцьяна Калеты, Еўрапейскі суд не толькі цалкам ігнаруе палажэнні польскай Канстытуцыі, але і свядома злоўжывае інстытутам фінансавых санкцый і часовых мер, звяртаючыся да "ўзурпацыі і шантажу".
Таксама ён дадае, што Еўракамісія не адстойвае інтарэсы еўрапейскага права, а дзейнічае выключна па палітычных матывах. "Гаворка ідзе не пра вяршэнства права, а пра тое, каб прымусіць Польшчу паддацца парадку дня, прадыктаванаму левымі сіламі", — заяўляе Калета ў твітары.
Варшава абавязаная выплачваць штраф Еўракамісіі да таго моманту, пакуль не будзе ліквідавана дысцыплінарная палата або, калі нічога не зменіцца, да канчатковага рашэння суда па гэтай справе.
Справа Еўракамісіі супраць Польшчы
Дысцыплінарная палата Польшчы была створана ў 2018 годзе як адна з асноўных ініцыятыў па рэфармаванні судовай сістэмы. Гэты орган надзелены паўнамоцтвамі ўжываць дысцыплінарныя санкцыі супраць суддзяў і пракурораў, у прыватнасці вызваляць іх ад пасады. Сябраў дысцыплінарнай палаты прызначае прэзідэнт.
Еўрапейская камісія раскрытыкавала стварэнне дысцыплінарнай палаты, заявіўшы, што яна падрывае незалежнасць судоў і можа выкарыстоўвацца з мэтай аказання палітычнага ціску, у прыватнасці для пакарання суддзяў за прыняцце рашэнняў, якія супярэчаць пазіцыі праўладнай партыі.
1 красавіка 2021 года найвышэйшы орган выканаўчай улады Еўрасаюза падаў пазоў супраць Польшчы ў Еўрапейскі суд, спасылаючыся на тое, што палажэнні польскага нацыянальнага заканадаўства парушаюць заканадаўства ЕС.
14 ліпеня 2021 года Еўрапейскі суд пастанавіў, што прынцыпы функцыянавання дысцыплінарнай палаты супярэчаць нормам еўрапейскага права, і абавязаў Польшчу часова прыпыніць дзеянне пэўных палажэнняў польскага заканадаўства, укаранёных у выніку судовай рэформы.
"Выкананне часовых мер, прапанаваных 14 ліпеня 2021 года, неабходнае для таго, каб пазбегнуць сур'ёзнай і незаменнай шкоды прававому парадку Еўрапейскага саюза і каштоўнасцям, на якіх заснаваны гэты саюз, у прыватнасці вяршэнству права", — адзначае прэс-служба суда ЕС.
Аднак Варшава не выканала свае абавязацельствы, і 7 верасня Еўракамісія падала ў суд заяву з просьбай абавязаць Польшчу выплачваць штодзённы штраф, які павінен заахвоціць дзяржаву-сябра ЕС як мага хутчэй выканаць свае абавязацельствы перад блокам.
Рэформа судовай сістэмы ў Польшчы
Канфлікт паміж Польшчай і ЕС адносна рэфармавання судовай сістэмы працягваецца ўжо некалькі гадоў, а 7 кастрычніка 2021-га ён дасягнуў свайго піка, калі Канстытуцыйны трыбунал Польшчы прыняў рашэнне аб вяршэнстве Канстытуцыі краіны над заканадаўствам ЕС.
Рэфармаванне судовай сістэмы ў Польшчы пачалося ў 2017 годзе пасля прыходу да ўлады палітычнай партыі "Права і справядлівасць" , якая хацела пашырыць свой уплыў над усімі галінамі ўлады ў краіне. З пачатку рэформы было прынята некалькі контраверсійных законаў, якія станавіліся аб'ектамі пастаяннай крытыкі і санкцый з боку ЕС. У першую чаргу было прынята некалькі законаў, якія дазваляюць набліжаным да партыі суддзям займаць месцы ў Канстытуцыйным трыбунале Польшчы.
У ліпені 2017 года ў рамках судовай рэформы парламент прыняў закон аб зніжэнні пенсійнага ўзросту для суддзяў Вярхоўнага суда з 67 гадоў да 65 для мужчын і 60 для жанчын, а таксама аб павелічэнні колькасці месцаў у Вярхоўным судзе. Згодна з новым законам, суддзі, якія дасягнулі 60/65 гадоў, могуць працягваць выконваць свае абавязкі, аднак для гэтага ім трэба падаць спецыяльную заяву прэзідэнту Польшчы, які ў тым жа годзе быў надзелены паўнамоцтвамі прызначаць суддзяў.
Што важна, у пытаннях падаўжэння тэрміну выканання абавязкаў суддзяў Вярхоўнага суда прэзідэнт не абавязаны выконваць дакладна рэгламентаваныя крытэры выбару і можа прымаць рашэнні на сваё меркаванне. У выніку гэтай рэформы ў 2018 годзе на пенсію выйшлі каля 40% суддзяў Вярхоўнага суда, піша The Guardian.
Адной з цэнтральных праграм рэфармавання судовай сістэмы было стварэнне вышэйзгаданай дысцыплінарнай палаты Вярхоўнага суда. У жніўні 2021 года віцэ-прэм'ер і лідар партыі "Права і справядлівасць" Яраслаў Качыньскі заявіў, што польскі ўрад гатовы выканаць патрабаванне Еўрапейскага суда аб ліквідацыі палаты і адзначыў, што такі крок абмяркоўваўся яшчэ да прыняцця рашэння ў Люксембургу.
Аднак урэшце ўлады Польшчы гэтага так і не зрабілі і цяпер абавязаныя выплачваць штраф каля 30 млн еўра ў месяц.