Старшыня КДБ Беларусі заявіў, што за мяжой плануюцца тэракты
30 ліпеня ў Мінску перад "актывам мясцовай вертыкалі" выступаў не толькі Аляксандр Лукашэнка. Прамаўлялі таксама міністр замежных спраў Уладзімір Макей (пра тое, што Захад спрабуе падарваць эканоміку Беларусі і арганізаваць "штучную палітычную ізаляцыю"), міністр абароны Віктар Хрэнін (пра тое, што Захад рыхтуецца падтрымаць "дэструктыўныя сілы ў Беларусі"). Старшыня КДБ Іван Тэртэль заявіў, што за мяжой плануюцца тэракты. Іх збіраюцца арганізаваць у Мінску, Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Тэртэль параўнаў іх з "атакай на ваенны аб'ект у Вілейцы" і з "замахам" на Рыгора Азаронка.
"Заказчыкі і выканаўцы нам вядомыя, праца па дакументаванні і спыненні іх злачыннай дзейнасці знаходзіцца ў актыўнай фазе", — цытуе яго словы sb.by.
Тэртэль заявіў, што "спецслужбы асобных заходніх дзяржаў ведаюць пра планы тэрарыстаў, аднак мераў па лакалізацыі іх дзейнасці на сваёй тэрыторыі не прадпрымаюць".