Польскае івэнт-агенцтва, дзе працаваў зніклы Котаў, залічылі ў "экстрэмісты"

Terra Group Event арганізоўвае адпачынак для вядомых кампаній, ілюстрацыйнае фота

Terra Group Event арганізоўвае адпачынак для вядомых кампаній, ілюстрацыйнае фота / oferteo.pl

У спіс "экстрэмісцкіх фармаванняў", які складае Камітэт дзяржбяспекі, далучылі кампаніі "Terra Group Event" і "SSL Production", заўважыў праваабарончы цэнтр "Вясна". Гаворка ідзе пра буйныя польскія івэнт-агенцтвы.

Terra Group Event арганізоўвала мерапрыемствы і тымбілдзінгі для такіх кампаніяў, як Wargaming, Softswiss і Andersen, а SSL Production ладзіць аднадзённыя і шматдзённыя мерапрыемствы ў Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Грэцыі, Турцыі і Літве.

Дарэчы, у Terra Group Event перад сваім знікненнем працаваў Анатоль Котаў — беларускі палітуцякач, які раптоўна знік у гэтым летам.

21 жніўня ён вылецеў з Варшавы ў турэцкі горад Трабзон, а потым нібыта пакінуў Турцыю марскім шляхам на прыватнай яхце ў бок Сочы. Пацверджаных даных пра ягоны маршрут або месцазнаходжанне дагэтуль няма. Знікненне Котава выклікае шмат пытанняў, на якія пакуль ніхто не можа даць адказаў.

Да 2020 года Котаў працаваў у дзяржаўнай сістэме, у тым ліку ў Міністэрстве замежных справаў і Нацыянальным алімпійскім камітэце. Пасля выбараў 2020 года эміграваў у Польшчу і ўдзельнічаў у апазіцыйных структурах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.