З'явіліся новыя падрабязнасці ў справе Анатоля Котава

Анатоль Котаў / Еўрарадыё
Пракуратура Турцыі прыслала афіцыйнае пацвярджэнне, што беларускі палітуцякач Анатоль Котаў выехаў праз порт Трабзон 21 жніўня ў 18:35. Пра гэта паведаміў у сваім акаўнце на Фэйсбуку яго паплечнік Аляксандр Апейкін.
Адказ турэцкай пракуратуры не задаволіў Апейкіна: ён заяўляе пра нестыкоўкі. Улады Турцыі, кажа Апейкін, заяўляюць, што выезд адбываўся добраахвотна. Аднак "пашпарт мог адбіцца ў сістэме без прад'яўніка (у порце Трабзон пашпарты здаюць пачкамі пры пасадцы на судна)".
Таксама ён звяртае ўвагу на тое, што ў афіцыйным адказе называецца час перасячэння мяжы Котавым — 18:35. "Але на сувязі Анатоль заставаўся яшчэ да 22:30 таго ж дня, гэта значыць яшчэ 4 гадзіны пасля перасячэння памежнага кантролю. У перапісках не было ніякага сігналу пра небяспеку ці нейкую праблемную сітуацыю. Кантакт з Анатолем абарваўся раптоўна".
Таксама Апейкін адзначае нестыкоўкі ў часе прылёту, які назвала афіцыйнае турэцкае агенцтва IHA (13:49), і фактычным часе прылёту Котава ў Стамбул (12:57).
Акрамя таго, ён кажа, што ёсць сведчанні пра намер Котава вяртацца назад з Турцыі: ён набыў зваротны квіток у Варшаву на нядзелю, 24 жніўня, у яго былі прызначаныя і пацверджаныя працоўныя сустрэчы на наступны тыдзень, у дарогу Котаў узяў мінімум рэчаў.
Анатоль Котаў знік пад канец жніўня падчас паездкі ў Турцыю. Паводле звестак СМІ, ён адплыў з порта Трабзона на прыватнай яхце, якая нібыта накіроўвалася ў Сочы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.