Справа пра наезд на дзяўчыну ў турыстычным намёце перададзеная ў суд

Справа пра наезд на дзяўчыну ў турыстычным намёце перададзеная ў суд

Следчы камітэт па Брэсцкай вобласці завяршыў расследаванне крымінальнай справы пра наезд аўтамабіля на турыстычны намёт, калі загінула дзяўчына.

Нагадаем, што здарэнне адбылося 25 ліпеня 2015 года. Кампанія маладых людзей адпачывала на беразе возера каля вёскі Амневічы Баранавіцкага раёна. Каля 6-й гадзіны раніцы 26-гадовы мужчына на аўтамабілі "Вольва" наехаў на турысцкі намёт. У гэты момант у намёце была 21-гадовая дзяўчына з Ганцавічаў. Ад траўмаў яна памерла на месцы.

Следства выявіла, што малады чалавек, які працаваў кіроўцам-экспедытарам у прыватным гандлёвым прадпрыемстве, прыехаў туды разам са сваёй жонкай. Загінулая была дзяўчынай яго стрыечнага брата. Абвінавачаны сам дапамагаў ім ставіць намёт. Потым кампанія ўсю ноч выпівала. А зранку нецвярозы кіроўца вырашыў адагнаць сваю машыну бліжэй да возера.

Мужчына быў п'яны і ўсю ноч не спаў. У яго крыві выявілі канцэнтрацыю этылавага спірту ў колькасці 1,6 праміле. Ён не заўважыў, што каля стала засталіся не ўсе ўдзельнікі. На вялікай хуткасці ён пераехаў вогнішча і наехаў на намёт, дзе спала дзяўчына. Пасля гэтага ён праехаў яшчэ 27 метраў.

Мужчына цалкам прызнаў сваю віну. Матэрыялы крымінальнай справы накіраваныя ў суд для разгляду.

Фота: sk.gov.by