Справа аб забойстве фермера ў Іванаўскім раёне накіраваная ў суд (відэа)

Упраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці завяршыла расследаванне забойства 27-гадовага фермера ў Іванаўскім раёне. Яго забілі ў ноч на 8 студзеня 2015 года — матывам сталі грашовыя пазыкі, якія фермер не вярнуў своечасова 40-гадоваму прадпрымальніку.

Ён узяў пазыку ў 2010 годзе і паступова вяртаў яе, але крэдытор налічыў свайму даўжніку працэнты з-за пратэрміноўкі і менавіта яны сталі прычынай канфлікту. Прадпрымальнік патрабаваў ад даўжніка вярнуць грошы і пагражаў яму.
У дзень забойства 20-гадовы сын прадпрымальніка разам са сваім сябрам пераследвалі фермера на машыне. Яго ўпільнавалі, схапілі каля кавярні, збілі і паклалі ў багажнік. Затым хлопцы вывезлі сваю ахвяру ў лес, дзе іх і чакаў бацька аднаго з юнакоў. Даўжніка звязалі скотчам і пераклалі ў іншую машыну, на якой перавезлі ўглыб лесу. Таму па ахвяры сем разоў стрэлілі з пераабсталяванай зброі, а затым аблілі яго бензінам і падпалілі.

Згодна з заключэннем судмедэкспертаў, мужчына гарэў яшчэ жывым, а смерць наступіла ад траўматычнага шоку, які развіўся ад усіх атрыманых цялесных пашкоджанняў.

Цела 27-гадовага фермера праз тры дні пасля забойства знайшоў паляўнічы. Траіх фігурантаў справы затрымала міліцыя, яны знаходзяцца пад вартай. Апроч забойства іх абвінавачваюць у прымусе да выканання абавязанняў, а прадпрымальніка-крэдытора — яшчэ і кантрабандзе і незаконных дзеяннях са зброяй, паведамляе прэс-служба Следчага камітэту.

Фота: sk.gov.by