Спартоўцы пасля ўказу Лукашэнкі могуць застацца без спонсараў

Футбол, ілюстрацыйнае фота
Аляксандр Лукашэнка прыняў новы ўказ "Аб аказанні падтрымкі спартовым арганізацыям".
Згодна з ім, спартовыя федэрацыі могуць атрымліваць субсідыі з рэспубліканскага бюджэту, а клубы па гульнявых і негульнявых відах спорту — з мясцовых бюджэтаў.
Пры гэтым адмяняюцца падатковыя льготы на нерухомасць, зямельным падатку і падатку на прыбытак для спонсараў, якія вырашаць падтрымаць спартоўцаў.
Рэгуляванне памеру субсідый, сукупнай падтрымкі ад дзяржаўных арганізацый у форме спонсарскай дапамогі, рэкламы ды іншага, а таксама памеры заробкаў кіраўнікоў федэрацый, спартоўцаў, трэнераў ды іншых спецыялістаў будзе ажыццяўляць урад.
Парадак выдачы і памер прызавых па выніках спартыўнага сезона будзе таксама вызначаць урад. Міністэрства спорту будзе весці кантроль за тым, як федэрацыі і клубы выкарыстоўваюць сродкі падтрымкі ад дзяржарганізацый.
Пры гэтым указ не абмяжоўвае магчымасць клубаў самастойна распараджацца заробленымі грашыма і спонсарскай дапамогай, атрыманай ад прыватных арганізацый. Але ці шмат застанецца спонсараў, калі прыватныя фірмы не змогуць атрымаць падатковыя льготы?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.