СМІ: Мінскі дынамавец Бечырай пераедзе ў Маскву за 500 тысяч еўра

СМІ: Мінскі дынамавец Бечырай пераедзе ў Маскву за 500 тысяч еўра

Мінскі дынамавец Фатас Бечырай пяройдзе ў маскоўскае "Дынама" за 500 тысяч еўра. Пра гэта паведамляе сайт by.tribuna.com. Адзначаецца, што расійская прэса называла значна меншую суму — 40-100 тысяч еўра. Аднак афіцыйнай інфармацыі пра кантракт футбаліста няма дагэтуль.

Бечыраю 27 гадоў. Ён — нападаючы зборнай Чарнагорыі, у 36 матчах за яе забіў 5 галоў. У мінскім "Дынама" Фатас Бечырай выступаў з пачатку 2015 года. У 23 гульнях ён забіў 9 мячоў і зрабіў 7 галявых перадачаў. Легіянер выдатна гуляў у леташняй кваліфікацыі Лігі Еўропы, а вось у групавым раўндзе, як і ўся каманда, выступіў слаба.