Словы мужчыны “я гэтага не рабіў” грамчэйшыя, чым доказы жанчыны. Меркаванне

Актывістка Наста Базар выказался наконт гучнай гісторыі пра хатні гвалт

Актывістка Наста Базар выказался наконт гучнай гісторыі пра хатні гвалт / euroradio.fm

Былая палюбоўніца абвінаваціла экс-палітвязня Сяргей Моніча ў хатнім гвалце. І ён, і яго жонка усе адвінавачванні абвяргаюць — пра гэта Еўрарадыё падрабязна напісала тут. Але сама дзяўчына камунікаваць з журналістамі не хоча.

Выказацца наконт гэтай гісторыі і сітуацыі ў цэлым вырашыла актывістка Наста Базар. Публікуем яе меркаванне.

***

Нармалізацыя гвалту — звычайная справа для сучаснага беларускага грамадства. Гвалт з намі настолькі даўно, што прасцей абвінаваціць пацярпелы бок, чым аўтара гвалту.

Трэба проста ўсвядоміць — доказаў заўсёды будзе мала. Любыя доказы, якія прадаставіць жанчына, будуць недастатковымі. 

— Пабіў? Дзе сінякі? 

— Ёсць сінякі? А што ты зрабіла, каб НЕ пабіў? 

То бок, у сітуацыі гвалту часцей адказнасць вешаюць на жанчыну: што гэта яна нешта не так зрабіла, — а не вяртаюць адказнасць гвалтаўніку: біць нельга і кропка.

Канешне, варта выслухаць абодва бакі. Але варта памятаць і пра тое, што словы мужчыны "я гэтага не рабіў" пакуль што будуць грамчэйшымі, чым любыя доказы жанчыны.

Жанчынам цяжка сябе абараніць, бо ў сітуацыі віктымблэймінгу (абвінавачванне пацярпелай) патрэбна безліч сілаў, каб усвядоміць, прызнацца сабе, што ў гвалце вінаваты гвалтаўнік. Трэба шмат высілкаў, каб сказаць пра гвалт услых, разумеючы, што першыя абвінавачванні паляцяць у твой бок, а не ў бок агрэсара.

Узгадаем трагедыю з Лізай Герцэн. Калі пасля нападу і згвалтавання ў непрытомным стане яна патрапіла ў бальніцу, каментары збольшага былі такімі: “Чаму ішла адна сярод ночы? Чаму не паклапацілася пра сваю бяспеку?” І толькі калі Ліза памерла, каментары змяніліся на "бедная дзяўчынка". Але пры гэтым ніхто не пісаў, што #ХопіцьГвалціць і ніхто не абвінавачваў гвалтаўніка. Гэта паўтараецца раз за разам.

Усе мы розныя і па-рознаму ставімся да тых, хто побач. Мы можам быць добрымі, прафесійнымі, камунікабельнымі, але гэтыя рысы могуць спакойна спалучацца з перакананнем, што біць жанчыну можна. Гэта тычыцца і жанчын, якія сутыкнуліся з гвалтам, так і гвалтаўнікоў. І тады для чалавека няма перашкодаў.

Палітзняволенне — гэта несправядліва, гэта таксама гвалт у дачыненні да чалавека. Аднак досвед перажытага гвалту не заўсёды з'яўляецца "прышчэпкай" ад таго, каб не стаць самому аўтарам гвалту. Ініцыятывам і арганізацыям, якія працуюць з жанчынамі, пацярпелымі ад хатняга гвалту, вядома шмат гісторый, калі на волі былыя палітзняволеныя працягвалі біць, шантажаваць і прыніжаць сваіх блізкіх жанчын.

Псіхіка чалавека робіць усё, каб чалавек выжыў ці выжыла. Таму, калі няма магчымасці прыпыніць гвалт, будуць шукацца іншыя стратэгіі. Нехта прыстасуецца і паспрабуе паводзіць сябе інакш. Нехта стане па-іншаму апранацца/фарбавацца/прыбіраць/быць ціхай — патрэбнае падкрэсліць. Бо страшна ісці супраць таго, у каго больш моцы, больш улады, больш рэсурсаў. Менавіта таму прасцей абвінаваціць жанчыну. Альбо феміністак.

Маўляў, гэта "яны", “злыя фемкі”, вінаватыя ў тым, што не любяць мужчын. Бо прасцей вінаваціць, прыніжаць і дыскрэдытаваць нас, як асоб, калупацца ў нашым прыватным жыцці, ацэньваць наш знешні выгляд, чапляцца да сексуальнай арыентацыі. Рабіць, што заўгодна, абы не сказаць — #ХопіцьГвалціць. І так, большасць жанчын маўчыць. Бо нават загаварыўшы, яны атрымліваюць меншую падтрымку, чым гвалтаўнік.

Я разумею кожную жанчыну, якая не наважваецца казаць услых пра гвалт. Гэта і страх хейту, і пагрозы, і адсутнасць падтрымкі. Часта жанчыны ў эміграцыі легалізаваныя праз мужа, які мае афіцыйную працу. І менавіта страх страціць легалізацыю становіцца адной з прычынаў замоўчвання гвалту — многія з пацярпелых не могуць вярнуцца ў Беларусь. Калі ж жанчына распавядае пра свой досвед, яна сутыкаецца з вялікай колькасцю віктымблэймінгу. Таму зразумела, чаму ў выніку яна адмаўляецца ад далейшых каментароў.

Цяпер пра Польшчу і тэкст Еўрарадыё. Blue card — так называюць не толькі адзін з відаў дазволу на жыхарства. Niebieska karta — гэта яшчэ і сістэма мер абароны жанчын, пацярпелых ад хатняга гвалту. Калі ў Польшчы жанчына праз хатнюю агрэсію ідзе ў паліцыю, ёй аўтаматычна выдаецца блакітная карта. Згаданая ў тэксце Еўрарадыё пацярпелая жанчына дакладна атрымала гэтую карту. Бо самастойна атрымаць як партнёрцы (не як жонцы) часовы від на жыхарства без Blue сard проста немагчыма. Без згоды і без легальнага афармлення стасункаў ніхто ў аднабаковым парадку такую заяву не прыме. Але ў артыкуле фокус увагі скіраваны так, што мужчына збіў жанчыну за тое, што яна нібыта хацела скарыстацца мужчынам.

Што да паводзінаў мужчыны з іншымі — часцей за ўсё якраз гвалтаўнікі даволі камунікабельныя, прыемныя ў сяброўскіх стасунках людзі. Амаль штодня я вітаюся з суседам, які вельмі мілы на вуліцы. Але амаль штодня з адкрытага акна яго кватэры я чую крыкі, удары па мэблі і знявагу яго партнёркі.

Проста задумайцеся на хвіліну — а што калі кожны раз, як мы чытаем гісторыю гвалта, мы паспрабуем спярша ўявіць, што гэта праўда, а не тое, што жанчына хлусіць.

Гэты тэкст — меркаванне аўтара, якое можа не супадаць (а можа і супадаць) з меркаваннем рэдакцыі Еўрарадыё. Калі вы таксама хочаце выказацца па актуальнай для Беларусі тэме — пішыце на [email protected] з пазнакай "Меркаванне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.