Схематоз набліжаных да Лукашэнкі пазбавіў Беларусь кітайскага рынку мяса птушкі

Страты ў 140 мільёнаў долараў для бюджэту і прыбытак у 60 мільёнаў для ўдзельнікаў схемы

Страты ў 140 мільёнаў долараў для бюджэту і прыбытак у 60 мільёнаў для ўдзельнікаў схемы / cheltv.ru

У 2024 годзе Беларусь страціла доступ да велізарнага кітайскага рынку мяса птушкі з-за махлярскай схемы з курынымі лапкамі, якую правялі бізнесмены, блізкія да Аляксандра Лукашэнкі. Яны арганізавалі рээкспарт замежнай прадукцыі пад выглядам беларускай, што прывяло да блакіроўкі амаль усяго імпарту птушкі з краіны ў Кітай і велізарных страт — каля 140 мільёнаў долараў на год.

Пра гэта распавядаецца ў матэрыяле Беларускага расследавальніцкага цэнтра, падрыхтаванага разам з ініцыятывай "Рабочы Рух", украінскімі хактывістамі KibOrg і беларускімі "Кіберпартызанамі".

Еўрарадыё коратка пераказвае расследаванне.

У 2018 годзе першыя беларускія птушкафабрыкі атрымалі допуск на кітайскі рынак, крыху пазней ліцэнзіі атрымалі і іншыя камбінаты. Рынак птушкі ў Кітаі ў 2024 годзе ацэньваўся ў два мільярды долараў.

Асаблівай папулярнасцю там карыстаюцца курыныя лапкі — далікатэс для кітайцаў. Экспарт гэтай прадукцыі вырас з 10 000 тон у 2020 годзе да 60 000 тон у 2023, і Беларусь заняла 11% кітайскага рынку лапак — побач з такімі гігантамі, як Бразілія і ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.