Брудныя справы Карпянкова: “крышаванне” наркагандлю і хабарніцтва. Расследаванне

Расследавальнікі "Бюро" вывучылі 80 тамоў крымінальнай справы аб опіумных наркотыках і ролі Карпянкова (на фота другі злева) / Ошмянский вестник
Цяперашні намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў у часы, калі ён быў галоўным наркакантралёрам, "крышаваў" гандляроў опіумнымі наркотыкамі і атрымліваў хабар да 110 000 долараў.
Пра гэта расказваецца ў новым расследаванні журналістаў "Бюро", якія атрымалі доступ да 80 тамоў так званай “макавай справы”. Яна дапамагла Карпянкову падняцца ў кар’еры, хоць з матэрыялаў вынікае, што супрацоўнікі міліцыі і кіраўнікі наркакантролю самі "крышавалі" гандляроў дзеля асабістай выгады.
Еўрарадыё пераказвае гэта расследаванне, падрыхтаванае на аснове звестак, прадастаўленых "Кіберпартызанамі".
Як усё пачыналася
Да свайго пераходу ў ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў узначальваў наркакантроль і актыўна змагаўся з забруджанымі семкамі маку — "бубкамі", з якіх можна было вырабляць опіум.
Але самі семкі наркотыкам не лічыліся, таму крымінальная адказнасць была немагчымая. У 2014 годзе Карпянкоў прасунуў так званы "антымакавы" дэкрэт, які заціснуў правілы гандлю макам, але не ўвёў крымінальную адказнасць — гэта забараняла Канвенцыя ААН.
Да таго часу попыт на "бубкі" зменшыўся, на іх месца выходзілі сінтэтычныя наркотыкі. Але бурная дзейнасць дазволіла Карпянкову атрымаць месца ў кіраўніцтве ГУБАЗіК.
Гора макавае
У 2016 годзе Карпянкоў распачаў так званую "макавую справу". Было затрымана 40 чалавек. Але судзіць іх не маглі. Аднак гэта не спыніла ГУБАЗіК — крымінальную справу ўсё ж распачалі.
Для гэтага сілавікі й суды дамовіліся неафіцыйна. Падыход да экспертызы быў перагледжаны: абвінавачаныя былі аб’яднаныя ў "злачынную групоўку", хоць яны не былі знаёмыя і гандлявалі наркотыкамі паасобку.

Следчым прызначылі Ігара Прахарэнку, блізкага да ГУБАЗіКу. "Бюро" паспрабавала з ім звязацца, але ён кінуў слухаўку.
Далей пачалося самае цікавае: на допытах абвінавачаныя загаварылі пра "крышаванне" — чаго Карпянкоў не пралічыў.
Як выглядала схема і хто ў ёй удзельнічаў
Ключавымі саўдзельнікамі Карпянкова па "макавай справе" сталі дзеючыя і былыя супрацоўнікі міліцыі. Адстаўны следчы Анатоль Мазуленя, паводле абвінавачаных, "крышаваў" наркагандль: за шэсць гадоў ён атрымаў каля 350 000 долараў, частку перадаўшы сілавікам.
Ён дапамагаў з растаможкай "бубак" і ліквідацыяй канкурэнтаў, зліваючы інфармацыю міліцыі. Але Мазуленя не панёс адказнасці: яго не апытвалі следчыя, і ў СІЗА ён правёў усяго тры дні.
"Бюро" патэлефанавала Анатолю Мазуленю, каб узяць інтэрв’ю, але ён зладзіў істэрыку і пачаў пагражаць:
"Я еду і пішу на вас заяву аб дамаганнях! Аб тым, адкуль вы атрымалі дадзеную інфармацыю ў дачыненні мяне і якое вы маеце права, на падставе якога артыкула Канстытуцыі, званіць мне і ўрывацца ў маё асабістае жыццё! Ні з кім я па тэлефоне, ні з якімі дэбіламі, не размаўляю!"
Пры другім званку ён абразіў журналістку:
"Авечка смярдзючая! Я сумленна працаваў гады! Грошы я браў!.. Я цябе знайду, авечка, і задушу!"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.