БТ выдаткоўвае мільёны на трансляцыю прапаганды ў Афрыцы і на Карыбах

Белтэлерадыёкампанія

Белтэлерадыёкампанія

Белтэлерадыёкампанія (БТРК) штогод выдатковае мільёны рублёў з дзяржбюджэту на распаўсюд прапаганды. Гэта высветлілі расследвальнікі "Бюро", якія вывучылі тэндарную дакументацыю дзяржаўнага медыяхолдынгу.

Мяркуючы па падпісаных кантрактах, БТРК з 2022 года закупляе паслугі электрасувязі па спадарожнікавым распаўсюдзе тэлеканала "Беларусь 24" і радыёканала "Беларусь".

У 2025 годзе тэлекампанія ўжо аплаціла трансляцыю сваёй прадукцыі: 
— на ўсёй тэрыторыі Расійскай Федэрацыі;
— у Цэнтральнай (поўнае пакрыццё) і Заходняй Азіі (з абавязковым поўным пакрыццём Азербайджана, Арменіі ды Грузіі);
— у Заходняй (поўнае пакрыццё), Усходняй, Паўночнай (з абавязковым поўным пакрыццём Вялікабрытаніі, Ірландыі, Латвіі, Літвы і Эстоніі) і Паўднёвай Еўропе (з абавязковым поўным пакрыццём Сербіі);
— у Паўднёвай Амерыцы і Карыбскім басейне (поўнае пакрыццё);
— у Паўночнай, Заходняй (поўнае пакрыццё), Усходняй (з абавязковым поўным або частковым пакрыццём Зімбабвэ) і Паўднёвай Афрыцы.

Пры гэтым у тэхнічных заданнях БТРК адзначаецца, што кіраваць спадарожнікам могуць толькі пастаўшчыкі з краін, не ўключаных у спіс "недружалюбных" да Беларусі.

Сёлета дзяржаўны медыяхолдынг заключыў кантракты ўжо больш як на 2 мільёны рублёў (каля 550 тысяч еўра). Найдаражэй абышлося вяшчанне на тэрыторыі Расіі — амаль 700 тысяч рублёў. За вяшчанне на Еўропу і Азію разам БТРК выклала амаль 780 тысяч рублёў. Вяшчанне на Афрыку, Паўднёвую Амерыку і краіны Карыбскага басейна каштуе амаль 565 тысяч рублёў.

Як вынікае з даных сайта дзяржзакупак, з 2022 па 2025 гады БТРК ужо выдаткавала на трансляцыйнае вяшчанне амаль 8 мільёнаў рублёў (амаль 2,5 мільёна еўра) з дзяржаўнага бюджэту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.