У Беларусі закрылі гучную справу аб сурагатным мацярынстве

Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў сферы рэпрадуктыўных тэхналогій і закрыў яе на нерэабілітуючых падставах. У якасці падазраванай выступала прадпрымальніца Аксана Колесень, аднак яна пазбегне суду з-за недасканаласці дзеючага заканадаўства.

Прадпрымальніца падбірала жанчын, якія хацелі стаць сурагатнымі маці і адначасова — сямейныя пары, якія мелі патрэбу ў такіх паслугах. За арганізацыю такіх знаёмстваў Колесень атрымлівала ад сужэнцаў 2-4,5 тысячы еўра. Пры гэтым яна ўтойвала, калі патэнцыйная сурагатная маці была сацыяльна небяспечнай — падавала ў медыцынскія цэнтры фальшывыя заключэнні. Таксама яна ўтойвала ад сем’яў іншую важную інфармацыю.

Следства таксама выявіла выпадкі, калі сурагатная маці рабілася біялагічнай маці для народжанага дзіця, што забаронена законам. Яна накіроўвала да лекара аднаго з медцентраў сурагатных маці для штучнай інсемінацыі, а грамадзянам тлумачыла, што ў дакументах яны павінны ўказваць сябе як сямейную пару, бо ў гэтым выпадку не трэба афыармляць дамову аб сурагатным мацярынстве, а апладненне жанчыны адбываецца донарскай спермай.

Затым Аксана Колесень ажыццяўляла шэраг іншых маніпуляцыяў з дакументамі, у выніку чаго генетычныя маці перадавалі сем’ям дзяцей праз падробленыя дамовы аб сурагатным мацярынстве. Такім чынам у сем’і перадалі траіх дзяцей. Колесень інкрымінавалі гандаль людзьмі, аднак следства не знайшло складу злачынства менавіна па гэтым артыкуле.

Такая беспакараная дзейнасць стала магчымай з-за недасканаласці беларускага заканадаўства. У Беларусі не існуе нормаў эфектыўнага кантролю стадый ажыццяўлення сурагатнага мацярынства, у тым ліку асобаў, якія займаюцца яго юрыдычным суправаджэннем.  Таксама адсутнічае кантроль правільнасці правядзення медыцынскіх маніпуляцый, адбору сурагатных маці, а таксама праверка генетычнай прыналежнасці дзіця.

Цяпер дзяржаўныя органы разглядаюць магчымасць увесці ліцэнзіі на кансалтынгавыя паслугі ў гэтай галіне. Магчымай формай кантролю можа быць і генетычная экспертыза дзіця, якую будуць рабіць да перадачы яго бацькам у адпаведнасці з дамовай, паведамляе прэс-служба Следчага камітэту.