Сіноптыкі і МНС папярэджваюць: на захадзе краіны чакаюцца моцныя залевы
Моцныя дажджы прагназуюць да 21.00 25 траўня — іх прынясе цыклон “Крыстафер”, які перасоўваецца з Украіны праз Беларусь.
Цыклон прынясе на большую частку тэрыторыі краіны дажджы, месцамі моцныя. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы.
У сувязі з такім прагнозам надвор’я МНС просіць грамадзян выконваць элементарныя правілы бяспекі. Варта ўстрымлівацца ад паездак па горадзе, па магчымасці заставацца ў кватэры ці на працы. Калі залева заспела на вуліцы, не трэба спускацца ў падземныя пераходы ды іншыя заглыбленыя памяшканні. Хавацца ад дажджу варта ў будынках, размешчаных вышэй за магчымы ўзровень падтаплення.
Калі залева заспела ў асабістым транспарце, не варта спрабаваць пераадолець падтопленыя ўчасткі, а лепей перастроіцца ў крайні правы рад або на абочыну і спыніць рух, уключыць аварыйныя агні і перачакаць залеву. Калі вада прыбывае імкліва, трэба выйсці з транспартнага сродку і перайсці на ўзвышаны ўчастак мясцовасці, або ў бліжэйшы будынак, інфармуе БЕЛТА.