Шматгадовыя візы і легалізацыя беларусаў абмяркоўваліся ў Бруселі

Віза, ілюстрацыйнае фота

Віза, ілюстрацыйнае фота / migratop.com

У Бруселі завяршылася пятае пасяджэнне Кансультацыйнай групы Еўрасаюза па Беларусі. Акрамя глабальных тэмаў (вызваленне палітвязняў, сітуацыя з рэгіянальнай бяспекай) на ёй абмяркоўвалі больш практычныя, на якія ёсць запыт у беларусаў, паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Абмяркоўвалася выдача шматразовых шматгадовых шэнгенскіх візаў. Як вядома, рэжым Лукашэнкі скараціў колькасць консульскіх работнікаў, таму краінам Шэнгена складана павялічыць колькасць выдадзеных візаў. Але яны могуць выдаваць шматгадовыя візы, што здыме нагрузку з кансулятаў. Чыноўнікі ЕС запэўнілі, што для беларусаў збольшага працягнуць дзейнічаць спрошчаныя ўмовы атрымання візаў. Такія абмежаванні, як для расіянаў, для грамадзян Беларусі ўводзіцца не будуць.

Таксама на пасяджэнні дамовіліся выпрацаваць супольны пакет рэкамендацыяў для краін ЕС па вырашэнні праблемаў з легалізацыяй беларускіх уцекачоў.

Абмяркоўвалася і падтрымка для незалежных медыя і рэпрэсаваных. На фоне скарачэння замежнай дапамогі ЕС пераразмеркаваў рэсурсы, каб падтрымаць незалежныя беларускія СМІ. Да кастрычніка плануецца распрацаваць дакумент пад назвай "Ацэнка патрэбаў" — у ім вызначаць асноўныя напрамкі, па якіх патрабуецца дапамога. Таксама Еўрасаюз працягне падтрымліваць рэпрэсаваных беларусаў, у тым ліку іх рэабілітацыю. Паведамляецца, што апошнім часам праз праваабарончыя арганізацыі дапамогу ЕС атрымалі каля 300 чалавек.

Таксама Еўрасаюз за апошні год падтрымаў больш за 1000 студэнтаў стыпендыямі, абменамі, магчымасцямі навучання, а таксама стажыроўкамі ў розных краінах Еўропы.

Дарэчы, на пасяджэнні групы гаварылася і пра тое, што ЕС гатовы разглядаць гуманітарныя выключэнні з санкцый, уведзеных супраць рэжыму Лукашэнкі за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Гэта дазволіць мінімізаваць наступствы абмежаванняў для грамадзянскай супольнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.