ЕС рыхтуе сектаральныя банкаўскія санкцыі супраць Беларусі

Банкаўская картка, ілюстрацыйнае фота

Банкаўская картка, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Еўракамісія падрыхтавала 18-ы пакет санкцый супраць Расіі ды Беларусі за агрэсію супраць Украіны. Сярод прапановаў —— поўная забарона на аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі. Пра гэта Радыё Свабода даведалася ад інфармаваных крыніц у Бруселі.

Паведамляецца, што ў гэтым пакеце санкцый фігуруюць чатыры беларускія кампаніі з галіны абароны і ваеннай прамысловасці. Публічна іх назавуць пазней. Еўракамісія прапануе замарозіць іх актывы і забараніць займацца бізнэесам у межах ЕС.

Таксама Еўракамісія прапануе цалкам забараніць аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі. Раней санкцыі прадугледжвалі толькі адключэнне ад міжнароднай сістэмы банкаўскіх міждзяржаўных разлікаў SWIFT, а цяпер гэта ператвараецца ў поўную забарону транзакцый.

Таксама ўпершыню пад забарону трапляе імпарт узбраенняў з Беларусі ў Еўрасаюз.

Для лепшага кантролю за выкананнем санкцый ЕС прапануе пашырыць спіс тавараў і тэхналогіяў, што могуць выкарыстоўвацца для ўмацавання вайсковай і прамысловай базы Беларусі. Гаворка ідзе пра машыны, хімікаты, асобныя віды мэталаў і пластыкаў. Забараняецца таксама транзіт шэрагу тавараў праз тэрыторыю нашай краіны.

Мяркуецца, што гэты пакет прымуць на працягу чэрвеня пасля ўзгаднення ўсімі 27 краінамі — чальцамі ЕС. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.