"Сезон падзенняў з акна": у Маскве загінуў віцэ-прэзідэнт "Транснафты"

Андрэй Бадалаў

Андрэй Бадалаў / ТАСС

У Маскве загінуў 62-гадовы віцэ-прэзідэнт "Транснафты" Андрэй Бадалаў. Паводле звестак СМІ, ён выпаў з акна свайго дома на Рублёўскай шашы — мікрараёне расійскіх мільянераў. У кампаніі "Транснафта" ён працаваў з 2021 года.

Папярэдняй прычынай гібелі топ-менеджара СМІ называюць самагубства.

Смерць Бадалава — чарговая ў пераліку цэлай чарады смерцяў топ-менеджараў расійскай нафтагазавай галіны, якая пачалася пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. У большасці выпадкаў афіцыйнай прычынай называецца самагубства, хаця выглядаюць такія смерці дастаткова загадкава.

У 2022 годзе загінулі кіраўнік транспартнай службы "Газпрам інвест" Леанід Шульман, топ-менеджар "Газпрама" Аляксандар Цюлякоў, былы віцэ-прэзідэнт "Газпрамбанка" Уладзіслаў Аваеў (ён да таго ж забіў жонку і дачку), былы намеснік прэзідэнта "Наватэка" Сяргей Пратасеня (таксама забіў жонку і дачку), кіраўнік кампаніі-падрадчыка "Газпрама" Юрый Воранаў, генерал-маёр ФСБ у адстаўцы Яўген Лабачоў, старшыня савета дырэктараў "Лукойла" Равіль Маганаў (выпаў з акна бальніцы ў Маскве).

У кастрычніку 2024-га загінуў былы віцэ-прэзідэнт ЮКОС Міхаіл Рагачоў, у лютым 2025-га — кіраўнік Фэдэральнай антыманапольнай службы ў Карэліі Артур Прахін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.