"Санкцыямі вярцела я". Дзе і як адпачываюць беларускія прапагандысты

Беларуская прапаганда на выездзе / Еўрарадыё
Лета ў разгары, а гэта значыць, што ўсім пара зрабіць паўзу і адпачыць. Нават прапагандыстам. Еўрарадыё пагартала іх сацсеткі, а таксама сацсеткі чыноўнікаў, і даведалася, як яны праводзяць свае адпачынкі.
Тэлевядучая Кацярына Забянько — з сынам у Турцыі
— Гэта боскае пачуццё, калі прачынаешся а 8 раніцы, ідзеш на сняданак, а потым плаваць і загараць, — піша ў сваім Instagram Кацярына Забянько.
У чэрвені тэлевядучая разам з сынам Савеліям адпачывала ў Аланіі і выхвалялася, што сын дапамагае здымаць ёй кантэнт для сацсетак.
Дарэчы, сын не толькі здымаў фота і відэа, але і бегаў за напоямі для мамы ў бар.
— Калі зразумела, што нездарма аплачваю яго англійскую, — з гонарам напісала Кацярына ў каментары да відэа пра гэта.
Адпачынак прайшоў нядрэнна. Вярнуўшыся ў Мінск, загарэлая тэлевядучая падзякавала за падбор падарожжа адной беларускай кампаніі і канстатавала: "заўтра — на любімую працку".

Прапагандыст Ігар Тур — з Лукашэнкам у Кітаі
Прапагандыст Ігар Тур уражаннямі з адпачынку ў Instagram не выхваляецца, затое ў чэрвені ён пабываў па "працы" ў Кітаі. Як сам піша — "запекініўся". 4 чэрвеня там жа знаходзіўся Аляксандр Лукашэнка, які прыляцеў павіншаваць свайго сябра Сі Цзіньпіна з перавыбраннем на пасаду прэзідэнта.
У каментарах пад фатаграфіямі з вячэрняй прагулкі па сталіцы Ігару дзякуюць за "выдатныя кадры з паездкі" ў Паднябесную.
— Я чалавек просты: бачу наш сцяг — фатаграфуюся, — падпісаў адзін са сваіх здымкаў Ігар Тур.

Тэлевядучая Марыя Багатыр — фотасесіі ў Юрмале і адрыў з Z-артыстамі
Вядучая "Беларусь 5" Марыя Багатыр паехала адпачываць у Еўропу, пакуль яе калегі ў эфіры распавядаюць пра тое, як там дрэнна.
Свой адпачынак тэлевядучая праводзіць "на морачку" ў Латвіі. На днях у яе Instagram з'явіліся прыгожыя пляжныя фатаграфіі з Юрмалы.
— З пены марской, — так вядучая назвала гэтую фотасесію.

Дарэчы, у канцы чэрвеня Марыю запрасілі папрацаваць на рок-фестываль "Сонцастаянне", які праходзіў у Пружанах.
Грымёрка вядучай знаходзілася побач з грымёркамі Вячаслава Бутусава, музыкамі з гуртоў "Арыя" і "Чайф", якія падтрымліваюць або апраўдваюць напад Расіі на Украіну.
Мяркуючы па пастах у Instagram, Марыю такія падрабязнасці біяграфіі не бянтэжаць — з фестывалю яна вярнулася пад вялізнымі ўражаннямі.
Дэпутат Алег Гайдукевіч — у Лідскім замку
Часу на адпачынак у лідара беларускай ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча няма. Затое ёсць рабочыя камандзіроўкі, падчас якіх можна азнаёміцца са славутасцямі Беларусі.
— Будучы ў Лідзе, дзе сёння прайшло выязное пасяджэнне камісіі па міжнародных справах Парламента, наведалі Лідскі замак! Хто не быў — рэкамендую! І яшчэ. Вельмі эмацыйны экскурсавод Ганна Тадэвушаўна Некрашэвіч. Будзеце там — ідзіце да яе, — раіць Алег Гайдукевіч.

Прапагандыстка "Мінскай праўды" — на Мінскім моры
— Каліфорнія адпачывае ў параўнанні з першым пляжам.😉 Вельмі крута ўсё зрабілі, гэта месца на Заслаўскім ледзь пазнаць! — піша ў сваім Instagram прапагандыстка "Мінскай праўды" і прыхільніца "расійскага свету" Дыяна Шыбкоўская.
І праўда, мяркуючы па фатаграфіях, у гэтым сезоне далей Мінскага мора Дыяна не дабралася.

Гарачы Лаос для прапагандыста Антона Малюты
Тым часам рэпарцёр Антон Малюта асвойвае новыя гарызонты падчас камандзіроўкі.
— Праляцелі 10 тысяч кіламетраў. Аказалася, што далёкая дуга бліжэй, чым мы думаем. Беларусаў тут ведаюць і сустракаюць цёпла... нават горача, — падпісаў Антон сваё фота з Лаоса.

Ксенія Лебедзева — на яхце ў Тайландзе
— Седзячы на яхце ля руля, санкцыямі вярцела я, — піша Ксенія Лебедзева (не пытайцеся нас, калі ласка, як яна гэта рабіла). Свой адпачынак прапагандыстка правяла ў Тайландзе. Падчас адпачынку Лебедзева карміла сланоў, загарала на пляжы, купалася — увогуле, набралася ўражанняў і зрабіла шмат фатаграфій, якімі ўжо не першы месяц дзеліцца ў Instagram.
У адным са сваіх пастоў пра адпачынак Ксенія напісала, што прытрымліваецца думкі, што мары спраўджваюцца тады, калі гэтага вельмі хочаш і нешта для гэтага робіш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.