— Самая спрыяльная сітуацыя — у Гродзенскай вобласці, дзе рэальны заробак вырас на 13,4% а прадукцыйнасць — на 9,6%, то-бок тут прадпрыемствам працаваць лягчэй.
У доўгатэрміновай перспектыве акрамя пагаршэння фінансавых паказчыкаў кампаній разрыў будзе стымуляваць рост цэн і запавольваць рост заробкаў, адзначае Лузгіна.
— Як бы ўлады ні хацелі рэгуляваць эканоміку, законы рынку ўсё роўна ўсё скарэктуюць, і гэта ўжо будзе даволі балюча.
Наступстваў можа быць шмат
Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук адзначае, што гэтая тэндэнцыя не новая — яна назіраецца з лютага 2022 года і звязаная з недахопам працоўных рук.
— Праз тое, што не хапае людзей, бізнес вымушаны прапаноўваць высокія заробкі, што прыводзіць да кепскіх фінансавых паказчыкаў фірмаў. Рэжыму ж вельмі важна дэманстраваць бурны рост заробкаў — ён сам яму і спрыяе.
Галоўная праблема, лічыць Крук, у тым, наколькі доўга фірмы за кошт пагаршэння сваіх фінансавых паказчыкаў могуць падтрымліваць гэтую сітуацыю.
— У розных сферах і розных тыпах фірмаў сітуацыя можа быць розная. У сярэднім ідзе пагаршэнне іх паказчыкаў, але пытанне ў тым, у якой ступені. Ці блізкія мы да таго моманту, калі падтрымліваць штучнае павышэнне заробкаў будзе немагчыма?
На гэта пакуль адказаць складана. Але, думаю, мы да гэтай мяжы набліжаемся. Калі мы яе пяройдзем, прыватныя фірмы ў страты не пойдуць, а, хутчэй за ўсё, абмяжуюць гэты механізм.
У бюджэтным жа сектары ёсць пэўнае поле для манеўру — там можна пераразмяркоўваць выдаткі і, напрыклад, грошы, запланаваныя на капітальныя выдаткі, вылучаць на выдаткі надзённыя, у тым ліку на павышэнне заробкаў.
Наступстваў, да якіх гэта можа прывесці, шмат. Але асноўныя рызыкі эканаміст звязвае з сектарам дзяржпрадпрыемстваў.
— Патэнцыйна ў іх могуць быць праблемы з выкананнем абавязанняў перад банкамі, а яшчэ, калі мы пяройдзем гэтую мяжу, яны будуць ціснуць на цэны і, адпаведна, павышаць іх.
“Будуць праблемы”
Кіраўнік праекта "Кошт урада" Уладзімір Кавалкін у эфіры Еўрарадыё звязаў разрыў паміж рэальнымі заробкамі і прадукцыйнасцю працы з перагрэвам беларускай эканомікі.
— Выпуск [прадукцыі] трэба рабіць большым, наймаць больш людзей, а іх папросту няма, адпаведна, трэба плаціць вышэйшыя заробкі. Ёсць яшчэ індэкс — дэфлятар [паказчык таго, у колькі разоў узровень цэн усіх вырабленых у гэтым годзе тавараў і паслуг большы за ўзровень цэн мінулага года. — Еўрарадыё] .
Я нагадаю, што цэны ў Беларусі рэгулююцца і абмяркоўваюцца ў выканкамах. То-бок цэны ў Беларусі нерэальныя і інфляцыя сябе яшчэ не адпрацавала.
Кавалкін лічыць, што цяпер толькі здаецца, што праз рост заробкаў людзі багацеюць, насамрэч існуе велізарны інфляцыйны навес. І за гэтую інфляцыю плацяць сеткі крамаў.
— Калі паглядзець навіны апошніх паўтара-двух гадоў, вы ўбачыце адно банкруцтва, другое, трэцяе... Пра што гэта кажа? Цэны для насельніцтва павышаць нельга, а падаткі растуць праз вялікія заробкі. Атрымліваецца, за тое, за што не плацяць людзі, плаціць бізнес. Бясконца гэта рабіць немагчыма — будуць праблемы.