Рост эканомікі Беларусі запаволіўся да 2,8%

Грошы, ілюстрацыйнае фота

Грошы, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі за 4 месяцы 2025 года склаў 81,4 млрд рублёў у бягучых цэнах. У супастаўных цэнах у параўнанні са студзенем–красавіком 2024-га ён вырас на 2,8%.

Аднак у параўнанні з пергым кварталам 2025-га тэмпы росту ВУП знізіліся на 0,3 адсоткавага пункту. Пра гэта піша ibmedia.by, прааналізаваўшы звесткі Белстата.

На гэта паўплывала запаволенне росту прамысловай вытворчасці. За чатыры месяцы гэты паказчык павялічыўся толькі на 1,4% — да 68,5 млрд рублёў. Сельгасвытворчасць вырасла на 1,5% — да 7,335 млрд рублёў. На 1,5% павялічыліся пасажырскія перавозкі — да 559 млн пасажыраў.

А вось будаўніцтва жылля вырасла на 12,1% і дасягнула 1,147 млн кв. м. Раздробны гандаль павялічыўся на 10% да 31 млрд рублёў, а грамадскае харчаванне — на 4,8% да 2,1 млрд рублёў.

Затое грузаабарот скараціўся на 3% — да 23,2 млрд тона-кіламетраў. На 3,4% знізіўся аптовы гандаль — да 58 млрд рублёў.

Запаволенне беларускай эканомікі адбываецца на фоне зніжэння тэмпаў росту ВУП Расіі да 2%. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.