Арлоў прыбраў бы са школьнай праграмы “А хто там ідзе?” Янкі Купалы
Чаргінец — нейкага палітыка, а школьныя настаўнікі — “аграрную літаратуру”.
“Выключыць другасных аўтараў са школьнай праграмы” прапанаваў кіраўнік краіны на сустрэчы з пісьменнікамі. Еўрарадыё “ператрахнула” школьную праграму разам з настаўнікамі, вылічыла гэтых “лішніх” пісьменнікаў.
“Такая аграрная літаратура, кшталту Мацея Бурачка, не вельмі цікавая цяпер дзецям. Усе гэтыя мужыцкія вершы… Яны не разумеюць такую літаратуру”, — кажа настаўніца беларускай літаратуры 110-й мінскай школы Вольга Мікалаеўна. Педагог мяркуе, што ў школе мусіць быць больш твораў Уладзіміра Караткевіча.
Але сёння ў школе вывучаюць каля шасці твораў Караткевіча, куды ж болей. Пытаемся, якіх сучасных аўтараў трэба ўключыць у праграму?
“Арлова, Іпатаву, Баравікову. Бо сучаснай літаратуры амаль няма. Яна разглядаецца ў 11-м класе, але школьнікі на гэта ўжо не накіраваныя, ім галоўнае здаць тэставанне. Сучасную літаратуру трэба было б даваць у 8, 9 класе”.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры са 117-й сталічнай школы Лілія Аўсіевіч, каб яе воля, прыбрала б творы Максіма Гарэцкага, “бо дзецям гэта чытаць складана”.
“Я можа дадала б пару гадзін Дранько-Майсюка, пару гадзін. У яго ёсць цікавыя творы, і Арлова можна было дадаць, бо ў старэйшых класах няма гістарычных твораў”.
Дарэчы, спіс дадатковай пазашкольнай літаратуры на лета не змяняўся на памяці настаўніцы 15 гадоў, пакуль яна працуе ў школе.
Настаўнік мовы і літаратуры са 119-й мінскай школы раіць дадаць у школьную праграму творы Алеся Наварыча і Сяргея Кавалёва.
Студэнтка філалагічнага факультэту БДУ Мар’яна Вясінская праходзіць у школе практыку. Вучыць дзяцей мове і літаратуры. Дзяўчына ўпэўненая: на ўроках не хапае сучасных аўтараў.
“Цалкам няма сучаснай літаратуры. Няма ні Хадановіча, ні Мартысевіч, ні Сыса. У нас сучасная літаратура заканчваецца ў 1987 годзе. У дзяцей складаецца ўражанне, што літаратура была, а цяпер — няма”.
Па яе словах, з праграмы можна прыбраць замежныя творы, напрыклад, Хэмінгуэя. І вярнуць “Тутэйшых” Купалы і “Аблаву” Быкава.
Старшыня афіцыйнага Саюзу пісьменнікаў Мікалай Чаргінец добра ведае, каго б ён выключыў са школьная праграмы, калі б была яго воля:
“Таленавітыя творы мусяць застацца. Калі ўжо і ёсць гора-палітык, які нічога не стварыў, а скарыстаўся момантам, калі камплектавалі школьную бібліятэку і ўставіў сябе, трэба паглядзець… Можа і няма ад яго толку”, — кажа ён. Але не ўдакладняе імя “гора-палітыка”.
Чаргінец раіць дзецям чытаць творы Алеся Марціновіча, Андрэя Скарынкіна і твор Вітаўта Чаропкі “Великий князь Витовт”.
Не забывае пісьменнік пра свае кнігі, якіх, пакуль, у школьнай праграме няма:
“Чаму б не пачытаць “Вам задание” і “За секунду до выстрела”, там пра дзяцей таксама. “Сыновья” — нават вам раю, пачытайце”.
“Апошнія гады, амаль кожны год штосьці з маіх твораў выключалася з праграмы, — кажа пісьменнік Уладзімір Арлоў. — А калісьці маіх твораў там было шмат. Была аповесць “Час чумы”, “Сны імператара”, былі гістарычныя апавяданні”.
Праграму па літаратуры пісьменнік таксама змяніў бы. Ды як нечакана!
“Я бы прыбраў верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?”, бо ён стварае вобраз беларуса, які не натхняе. Мне здаецца, што ў праграме павінны быць творы, які ствараюць аптымістычны вобраз беларуса, ствараюць нейкі ідэал”.
Пісьменнік упэўнены, што літаратура мусіць даваць уяўленне пра беларуса не толькі як пана сахі, але як удзельніка вызваленчых паўстанняў, еўрапейца.
Фота: school.krasutski.com