Рэцэнзія на фільм “Маршрут перабудаваны”. Ілюзія грамадскага дыялогу

Калаж з кадраў фільма "Маршрут перабудаваны" / @rubanau_collage
Беларусь ніколі не была месцам, дзе права на свабоду слова выконвалася належным чынам. За ўсе трыццаць чатыры гады існавання краіны магчымасць публічна выказваць свае думкі то па-ціху павялічвалася, то імкліва звужалася. Цяпер яна ўвогуле скукожылася да прасторы сціплых кухонных размоў і эмацыйных відэа, запісаных для TikTok. І нават гэта не гарантуе, што па тваю душу раней ці пазней не прыйдзе пакрыўджаны да глыбіні душы прадстаўнік улады.
Зрэшты, існуе яшчэ і трэцяе месца, дзе беларусы пакуль могуць вольна разважаць на грамадскія-палітычны тэмы — салон таксі. Выпадковая паездка, незнаёмы кіроўца — цалкам ідэальныя ўмовы, каб адкрыць душу і знікнуць у невядомасці. Гэтай творчай знаходкай неаднаразова карысталіся аўтары з розных краін — ад Джыма Джармуша да Джафара Панахі. Узяў яе на ўзбраенне і дакументаліст Максім Швед, аўтар “Чыстага мастацтва”, які праз феномен вулічнага мастацтва распавёў пра пануючы напрыканцы 2010-х у Беларусі кантроль сілавікоў і паўсюдную цэнзуру.
Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі распавядае пра гэты фільм у працягу цыкла рэцэнзій “Нябачнае кіно 2020-х”. Больш тэкстаў можна адшукаць па гэтай спасылцы.

“Маршрут перабудаваны” інструменталізуе працу таксістаў і паказвае палярнасць меркаванняў у беларускім грамадстве на парозе прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Гэта існуючая сацыяльная расколіна закладзена і ў драматургію фільма, героямі якога становяцца кіроўцы з рознымі поглядамі.
Мінчук Павел Васільеў прытрымліваецца ліберальных каштоўнасцяў, бачыць хібы рэжыма Лукашэнкі і актыўна падтрымлівае пратэсты. Насуперак яму — Ганна Маліноўская з Баранавіч — жанчына з кансерватыўнымі поглядамі, якая не бачыць нічога добрага ў маладых кандыдатах і адкрыта сімпатызуе Лукашэнку.
Такімі ж рознымі аказваюцца іх кліенты. Публіка пярэстая, складзеная як з цалкам выпадковых гараджан, жыхароў вёсак, так і наўмысна запрошаных аўтарамі пасажыраў: журналістаў, пісьменнікаў, паэтаў.
Сярод іх хапае аматараў “моцнай рукі”, якім падабаецца жалезны парадак і стабільнасць, створаная праз зачыстку ўсіх нязгодных. Шмат тут і прыхільнікаў перамен, якія хочуць рэформ у краіне, каб больш зарабляць і не баяцца патрапіць за краты за адрознае ад уладнага меркаванне. Сустракаюцца і людзі, якім палітычны працэс настолькі агідны, што яны гатовы працаваць супраць усіх.
Вялікае шматгалоссе думак, па логіцы, павінна было б прывесці да гуманістычнага паразумення, прыняцця факта, што беларусы пры ўсёй сваёй неаднароднасці здольныя паміж сабой ўжывацца. Але ўсё заканчваецца інакш — арміяй сілавікоў у спальных районах і выбухамі светлашумавых гранат.
І ў гэтым трагічным несупадзенні чаканняў схаваны падспудны канфлікт паміж па-добраму наіўным грамадствам, якое верыла ў перамены законным чынам, і цынічным рэжымам, гатовым на ўсё, каб урымаць уладу.
Стваральнікі фільма відавочна сімпатызуюць слабейшым, але пры гэтым не маюць ніякіх ілюзій наконт намераў самой дзяржсістэмы. Менавіта таму у нешматлікіх перабіўках паміж размовамі ўсплывае летні Мінск, на плошчах якога выступаюць дэсантнікі са зброяй, а па дарогах ездзяць бронетранспарцёры. Улада рыхтавалася да сілавога сцэнару і размовы пра магчымыя альтэрнатывы развіцця краіны нават не вяліся.
Таму шматсэнсоўная назва фільма чытаецца з горкімі іранічнымі ноткамі. Маршрут перабудоўваецца толькі ў салоне аўто, дзе кіроўца аўтамабіля і яго пасажыр чуюць адно аднога. У Беларусі ўзору 2020-га ўлада нікога чуць і не планавала. Таму ўсе гэтыя спадзевы на лепшае жыццё чарговы раз разбіліся ўшчэнт аб боты АМАПа.
Адзнака Еўрарадыё: 6 з 10
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.