Развітальныя канцэрты абвясціў беларускі гурт, на які ўз'еліся прапагандысты

Гурт "Дразды"

Гурт "Дразды" / фота з акаўнту гурта ў Фэйсбуку

Беларускі гурт "Дразды" сёлета дасць некалькі развітальных канцэртаў пасля 20 гадоў выступаў. Пра гэта ў акаўнце ў інстаграме абвясціў яго фронтмен Віталь Карпанаў.

"Драздам" — 20 гадоў. Сёлета мы дамо некалькі развітальных шоу. Дзякуй усім, хто быў з намі!"напісаў ён.

Першы канцэрт у гонар юбілею гурта музыкі абяцаюць даць 12 ліпеня ў Маладзечне. Пры гэтым у анонсе канцэрту не гаворыцца, што ён развітальны.

Раней на гурт "Дразды" ўз'еліся беларускія прапагандысты. Супраць музыкаў выступіла прыхільніца "рускага свету" Вольга Бондарава. Яна назвала Карпанава "змагаром-дзяржпераваротчыкам", хаця ён рэгулярна выступае на дзяржаўных канцэртах.

У 2023 годзе нападкі на гурт падтрымаў старшыня моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Мікіта Рачылоўскі. У песні 2020 года "Зіма, зіма, каляды" ён нібыта выявіў "пасхалку". Як заявіў рачылоўскі, словы "Сыходзь хутчэй, стары" музыкі "Драздоў" адрасавалі не старому году, а Аляксандру Лукашэнку.

Прапагандыст заявіў, што ў 2020 годзе Карпанаў падтрымаў пратэсты, а потым "пераабуўся". На падставе гэтага Рачылоўскі патрабаваў забараніць выступы "Драздоў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.