Расійскія мытнікі ўбачылі рэзкі рост паставак санкцыйных тавараў у Беларусь

Федэральная мытная служба Расіі адзначае, што пастаўкі санкцыйных тавараў у Беларусь рэзка выраслі. Пра гэта "Інтэрфаксу" заявіў кіраўнік ведамства Андрэй Бельянінаў.

Па яго словах, за час дзеяння санкцый аб'ёмы ўвозу тавараў, якія трапілі пад іх, на тэрыторыю Беларусі павялічыліся на 80% і склалі 354,6 тыс. тон супраць 196,7 тыс. тон, якія ўвозіліся год таму.

У прыватнасці, у два разы павялічыліся аб'ёмы ўвозу свежай рыбы з Нарвегіі і склалі 6,5 тыс. тон.

Таксама рэзка вырас імпарт малочнай прадукцыі: 4,44 тыс. тон у жніўні, 21,06 тыс. тон у верасні, 13,44 тыс. тон у кастрычніку. Пры гэтым найбольшы рост увозу малочнай прадукцыі быў з Літвы.

Аб'ёмы паставак у Беларусь свініны з Канады ў жніўні складалі 208 тон, у верасні ўжо амаль 3 тыс. тон, а ў кастрычніку — 3,613 тыс. тон.

Імпарт яблыкаў з Польшчы таксама павялічыўся. У жніўні ён склаў 3,58 тыс. тон, у верасні — 7,95 тыс. тон, у кастрычніку — 11,43 тыс. тон.

Фота — ribalych.ru