Расійскім дыпламатам абмяжуюць перамяшчэнні па краінах ЕС — СМІ

Расійскім дыпламатам абмяжуюць паездкі па краінах ЕС, ілюстрацыйнае фота

Расійскім дыпламатам абмяжуюць паездкі па краінах ЕС, ілюстрацыйнае фота

Урады краін Еўрасаюза дамовіліся абмежаваць перамяшчэнні расійскіх дыпламатаў унутры блока. Пра гэта паведаміла газета Financial Times са сваіх крыніцаў.

Гэтая мера прынятая ў адказ на ўсплёск спробаў дыверсій у Еўропе. Як адзначаюць разведвальныя службы краін ЕС, куратарамі такіх дыверсій часта выступаюць шпіёны, якія працуюць пад дыпламатычным прыкрыццём. Дзяржавы NATO становяцца аб'ектамі самых розных правакацый — ад падпалаў і кібератак да дыверсій на інфраструктуры і ўварванняў з выкарыстаннем беспілотнікаў. Разведвальныя службы краін ЕС прыйшлі да высновы, што адбываецца скаардынаваная кампанія па дэстабілізацыі ў краінах, якія выступаюць саюзнікамі Украіны, адзначае Бі-Бі-Сі.

Цяпер расійскіх дыпламатаў, якія працуюць у сталіцах краін Еўрасаюза, плануецца абавязваць інфармаваць урады іншых краін пра свае планы паездак перад перасячэннем мяжы краіны знаходжання.

Гэтую ініцыятыву прапанавала Чэхія, яна стала часткай новага пакета санкцый. Венгрыя, якая выступала супраць новага пакета санкцый, зняла сваё вета.

Праўда, цяпер новыя санкцыі могуць затармазіцца праз Аўстрыю. Яна патрабуе ўключыць у санкцыйны пакет кампенсацыю банку Raiffeisen за кошт актываў расійскага мільярдэра Алега Дзерыпаскі, якія трапілі пад санкцыі. Далейшыя перамовы адбудуцца ў сераду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.