Расійскія банкі купляюць пяцізначныя вулічныя табло курсаў валют
Робіцца гэта на той выпадак, калі долар ці еўра будуць каштаваць больш за 100 расійскіх рублёў.
Некаторыя расійскія банкі пачалі купляць для абменнікаў пяцізначныя табло валют (яны ўтрымліваюць тры сімвалы да коскі і два пасля яе). Банкам давядзецца масава мяняць 4-значныя табло, калі курсы долара і еўра дасягнуць адзнакі ў 100 рублёў і перавысяць яе. Аднак змяніць табло хутка пры такім песімістычным сцэнары атрымаецца далёка не ва ўсіх, у тым ліку і таму, што лічбавыя шыльды таксама даражэюць. Таму, як піша газета "Известия", да новай сітуацыі будуць прыстасоўваць і старыя табло, перасоўваючы коску.
Паводле курса Цэнтрабанка Расіі на аўторак, 16 снежня, долар каштуе 58,35 рубля (з пачатку года вырас на 50%), еўра — 72,66 (вырас на 40%). Увечары ў панядзелак курс долара ўзрастаў да 62,3 рублі, а курс еўра — да 77,5. Пасля адбыўся адскок, які звязваюць з умяшаннем Банка Расіі, інфармуе ВВС.
З-за інфляцыі Цэнтрабанк павысіў ключавую стаўку з 10,5 да 17% гадавых. Такім чынам, робяцца спробы "абмежаваць дэвальвацыйныя і інфляцыйныя рызыкі, якія ўзраслі апошнім часам".
Фота — izvestia.ru