Расійскі журналіст спытаўся, чаму ў Беларусі высокія кошты на тавары
У адказ Лукашэнка заявіў, што мы вымушаныя трымаць высокія кошты, каб нашую прадукцыю не вывезлі ў Расію.
Журналіст тэлеканала "Расія-1" запытаўся, чаму ў Беларусі высокія кошты. "Мы з жонкай схадзілі на Камароўку і купілі прадуктаў — у два разы даражэй выйшла, чым у Маскве. Тое ж было ў сеткавай краме. Для мяне гэта парадокс. Здавалася б, ва Украіне пастаянная палітычная нестабільнасць, а ў Беларусі стабільнасць, шмат вырошчваеце самі, чаму цэны такія?"
На гэта спярша адказаў прэм'ер-міністр Міхаіл Русы. Па яго словах, свініна пасля падзення расійскага рубля была даражэй, чым у Расіі, а ўсё астатняе ў Беларусі — ніжэй: "Можа, на рынку вы нешта там глядзелі, але трэба глядзець у крамах".
Потым Лукашэнка распавёў, як расіяне прыязджалі на машынах і скуплялі прадукты ў крамах каля мяжы, бо ў нас кошты былі ніжэй у паўтара раза. "У Оршы выстройваліся цэлыя калоны машын з маскоўскімі нумарамі і вывозілі прадукцыю. Дзе паўтоны, дзе тону. Нашы вывозілі, там прадавалі", — сказаў Лукашэнка. Таму беларускія ўлады, па яго словах, вымушаныя трымаць парытэт коштаў з Расіяй.
Таксама ён дадаў, што да росту коштаў у Беларусі спрычыніліся падзеі ў Расіі: "У вас абваліўся рубель — і следам мы дэвальвавалі нацыянальную валюту. І нашы вырашылі цэны павысіць. Але пры гэтым жа паменшыўся сабекошт. І таму мы кантралюем".
Прэс-канферэнцыя Лукашэнкі (анлайн)