Расія не спяшаецца здымаць забарону на беларускія прадукты

У Маскве прайшлі кансультацыі ветэрынарных службаў Мытнага саюза. Каментуючы іх вынікі кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт заявіў, што Расія пакуль не плануе здымаць забарону на пастаўкі харчавання з беларускіх прадпрыемстваў.

Як паведамляе "Інтэрфакс", Данкверт распавёў, беларускі бок на сустрэчы не падаў поўныя пакеты дакументаў пра ліквідацыю парушэнняў. З 18 прадпрыемстваў, якія трапілі пад расійскую забарону, дакументы былі пададзеныя толькі на 9. Па словах кіраўніка Рассельгаснагляду, забарона можа быць знятая толькі з тых прадпрыемстваў, якія цалкам працуюць на мясцовай сыравіне і маюць высокі ўзровень маніторынгу бяспекі.

Кіраўнік Рассельгаснагляду заявіў, што беларускія ветэрынары выкарстоўваюць спрошчаныя метады ацэнкі, якія не дазваляюць у поўным аб'ёме ацаніць бяспеку прадукцыі, у прыватнасці па ўтрыманні антыбіётыкаў. Неабходна выкарыстоўваць метад вадкаснай храматаграфіі, які рэкамендаваны ў Мытным саюзе і з'яўляецца рэферэнтным метадам, адзначыў Данкверт.

Фота Данкверта — ria.ru