Работніца дзіцячага садка скрала ў дзяўчынкі залатыя завушніцы
Здарэнне адбылося ў Шчучыне на Гродзеншчыне. Прычым высветлілася гэта, калі міліцыянты правяралі іншае правапарушэнне.
Як піша "Вечерний Гродно", падчас ціхай гадзіны жанчына ўвайшла ў дзіцячую спальню і зняла з соннай 4-гадовай дзяўчынкі залатыя завушніцы. Дзіця скрозь сон гэта адчула і расказала пра ўсё дома. Бацькі папрасілі 32-гадовую жанчыну вярнуць скрадзеныя ўпрыгожанні, але тая ўсё адмаўляла і запэўнівала, што дзіця само страціла іх.
Аднак неўзабаве работніца ва ўсім прызналася. Распавяла, што адну з завушніц страціла, а другую падкінула ў садку, каб пацвердзіць сваю версію падзей. Прызналася і ў іншых правінах. Напрыклад, як у кавярні непрыкметна выцягнула з сумачкі наведвальніцы кашалёк, у якім было 370 тысяч рублёў.
Фота — yunews.com.ua