П'яная маці пяцярых дзяцей засекла сякерай сужыцеля і ўтапіла яго цела
Жанчына, якая калісьці прыехала ў Беларусь з Расіі, сама прыйшла ў міліцыю.
Маці пяцярых дзяцей, пазбаўленая бацькоўскіх правоў, у п'яным чадзе засекла сякерай сужыцеля, а потым утапіла яго цела ў вадаёме. Здарылася гэта ў Вілейцы.
Як інфармуе БЕЛТА са спасылкай на УУС Мінаблвыканкама, 40-гадовая жыхарка Вілейкі сама прыйшла ў міліцыю з заявай пра знікненне свайго 36-гадовага грамадзянскага мужа. Праваахоўнікі неўзабаве знайшлі яго цела ў штучным вадаёме, размешчаным у двары дома раней судзімага 41-гадовага мясцовага жыхара.
Высветлілася, што жанчына і яе сужыцель зайшлі ў госці да свайго агульнага знаёмага, дзе сталі выпіваць. Пасля ў мужчын узнікла сварка, якая перарасла ў бойку. Гаспадар нажом параніў госця ў шыю. Пабачыўшы параненага сужыцеля, жанчына нанесла яму некалькі ўдараў па галаве сякерай. Пазней падазраваная сцвярджала, што ўсяго толькі "хацела палегчыць пакуты". Цела змоўшчыкі загарнулі ў дыванок, абматалі поліэтыленам і скінулі ў вадаём.
Дарэчы, жанчына прыехала ў Беларусь з Расіі больш за дваццаць гадоў таму, выйшла замуж і нарадзіла пяць дзяцей. З-за прыхільнасці да алкаголю яе пазбавілі бацькоўскіх правоў. Яна — судзімая, апошнім часам не працавала. Нягледзячы на ўсе намаганні органаў апекі, лёсам сваіх шматлікіх дзяцей жанчына не цікавілася. Па факце забойства распачатая крымінальная справа.
Фота — Delfi