Прыяцель забіў мінчука сякерай падчас выпіўкі

Фрунзенскае РУУС Мінска з 25 студзеня шукала зніклага жыхара дома па праспекце Пушкіна. Менш за суткі супрацоўнікам крымінальнага вышуку спатрэбілася, каб выявіць, што гаворка ідзе пра забойства маладога чалавека, адзначае сайт мінскай міліцыі.

29-гадовы мінчук не з'яўляўся дома перад гэтым тры дні. Раней яго загулы былі не настолькі працяглыя. Таму сваякі і звярнуліся ў міліцыю з заявай.

Падчас пошукаў міліцыянты высветлілі, што мужчыну забілі. Паводле папярэдніх звестак, злачынства ўчыніў яго 23-гадовы прыяцель — жыхар суседняга дома. 21 студзеня маладыя людзі разам выпівалі і пасварыліся. Гаспадар стукнуў госця сякерай па галаве, а цела ўначы закапаў ў сутарэнні дома, дзе пражываў. Труп знайшлі падчас агляду месца здарэння.

Міліцыянты затрымалі падазраванага і пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрымання. На яго пачалі крымінальную справу за забойства.

Фота — e-topki.ru