Прэзідэнт Польшчы патрабуе ад Германіі ваенныя рэпарацыі

Караль Наўроцкі на Вестэрплатэ / Michał Ryniak / Agencja Wyborcza.pl
Польшча хоча атрымаць ваенныя рэпарацыі ад Германіі за Другую сусветную вайну.
Пра гэта заявіў польскі прэзідэнт Караль Наўроцкі, выступаючы на плошчы Вестэрплатэ ў Гданьску. У 4:45 раніцы ў гэтым горадзе пачаліся памятныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гадавіны пачатку другой сусветнай вайны. 1 верасня 1939 года ў 4:45 раніцы нямецкі лінкор "Шлезвіг-Гальштэйн" адкрыў агонь па горадзе, адначасова нямецкія войскі перайшлі польскую мяжу.
"Каб мець магчымасць будаваць партнёрства, заснаванае на праўдзе і добрых узаемаадносінах, мы павінны ўрэгуляваць пытанне рэпарацый ад нямецкай дзяржавы, якія я як прэзідэнт Польшчы адназначна патрабую дзеля агульнага дабра", — заявіў Наўроцкі. Паводле яго, Польшчы як найважнейшай дзяржаве на ўсходнім флангу NATO "патрэбныя справядлівасць, праўда і празрыстыя стасункі з Германіяй, ёй таксама патрэбныя рэпарацыі нямецкай дзяржавы".
Наўроцкі з 2021 года ўзначальваў Інстытут нацыянальнай памяці. Гэтая ўстанова даследуе злачынствы супраць польскага народа падчас нацысцкай і савецкай акупацый. У сваёй выбарчай кампаніі Наўроцкі неаднаразова казаў пра рэпарацыі, якія Польшча павінна атрымаць за шкоду, нанесеную нацысцкім рэжымам.
Дарэчы, Варшава патрабавала кампенсацыю ваеннай шкоды ад Берліна яшчэ з 2017 года, адзначае DW. Гаворка ішла пра 6,2 трыльёна злотых (каля 1,3 трыльёна еўра). У ФРГ заявілі, што гістарычную адказнасць за злачынствы з сябе не здымаюць, але пытанне аб рэпарацыях Польшчы лічаць закрытым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.