Прэс-сакратар Пуціна: міліцыя Беларусі не займаецца экстрэмісцкімі дзеяннямі

Прэс-сакратар Пуціна: міліцыя Беларусі не займаецца экстрэмісцкімі дзеяннямі

У Крамлі зыходзяць з таго, што ў Беларусі не будзе той сітуацыі, пры якой спатрэбіцца рэзерв сілавікоў з Расіі. Пра гэта журналістам распавёў Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна

Пра тое, што ён па просьбе Аляксандра Лукашэнкі падрыхтаваў рэзерв сілавікоў, Пуцін паведаміў напярэдадні. "Аляксандр Рыгоравіч папрасіў мяне сфармаваць пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў. І я гэта зрабіў. Але мы дамовіліся таксама, што ён не будзе выкарыстаны да таго часу, пакуль сітуацыя не будзе выходзіць з-пад кантролю", — заявіў расійскі кіраўнік.

Па словах Пяскова, гэтыя падраздзяленні падрыхтаваныя ў адпаведнасці з дзвюма дамовамі — Дамовай аб калектыўнай бяспецы і Дамовай аб Саюзнай дзяржаве.

Ён не сказаў, будзе гэта вайсковыя фармаванні ці Расгвардыя. "Я нічога не магу сказаць пра ўзбраенне. Досыць разумная колькасць. Але вы ведаеце, тут вельмі важна ўсё-ткі даваць сабе справаздачу, і гэта прэзідэнт падкрэсліў, што гэта менавіта рэзерв. Гэта рэзерв, і, уласна, няма ніякай неабходнасці неяк яго задзейнічаць, неяк яго выкарыстоўваць, і менавіта прэзідэнт Пуцін зыходзіць з таго, што ніяк не будзе выкарыстоўваць. І мы зыходзім з таго, што да вось такой крайняй сітуацыі, якую апісаў прэзідэнт, з такой сітуацыяй Беларусь не сутыкнецца", — перадае РІА "Новости" словы Пяскова.

Журналісты пацікавіліся, ці дапамогуць расійскія сілавікі беларускаму насельніцтву, калі адбудзецца ўсплёск гвалту з боку беларускіх сілавікоў. Прэс-сакратар Пуціна назваў такія развагі гіпатэтычнымі. Па яго словах, беларускія сілавікі "дзейнічаюць вельмі карэктна, вельмі асцярожна і вельмі акуратна выконваюць свае функцыі"

Ён дадаў, што гаворка пра выкарыстанне расійскага рэзерву ідзе ў выпадку экстрэмісцкіх дзеянняў "з боку каго б там ні было". Але пры гэтым удакладніў: "Разумееце, міліцыя Беларусі, яна ж не займаецца экстрэмісцкімі дзеяннямі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.