Забіты амаль кожны пяты. Якія беларусы і колькі ваююць за Расію

Прыток беларусаў у расійскую армію быў максімальны ў 2024 годзе

Прыток беларусаў у расійскую армію быў максімальны ў 2024 годзе / Коллаж из фото БРЦ

На кантракт у расійскую армію для ўдзелу ў вайне супраць Украіны з пачатку поўнамаштабнага ўварвання пайшоў 1031 беларус. Першы кантракт быў падпісаны ў чэрвені 2022 года. Такія дадзеныя атрымаў ад украінскай ваеннай разведкі Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

Еўрарадыё коратка пераказвае асноўныя факты, якія выйшлі ў новым расследаванні БРЦ, зробленым сумесна з украінскім праектам "Слідство.Інфо", пры падтрымцы "Кібэрпартызан", украінскіх KibOrg і BELPOL.

Самы свежы кантракт быў падпісаны 15 ліпеня 2025 года. Пры гэтым колькасць беларускіх наймітаў была максімальная ў 2024 годзе — 517 чалавек.

У 2022 годзе іх было толькі шэсць, у 2023-м — ужо 235. У 2025 годзе прыток беларусаў у расійскую армію запаволіўся: на пачатак ліпеня — 157 чалавек.

Яшчэ ў 116 добраахвотнікаў не пазначана дата падпісання кантрактаў. Амаль палова спісу (498 чалавек) — радавыя. Прапаршчык у спісе адзін.

Хто гэтыя беларусы?

Рабочыя — самая шматлікая група. 52 чалавекі са спісу працавалі ў розных сферах, не звязаных з вайсковай справай: 11 у будаўніцтве, 6 вадзіцелямі, 7 у калгасе і гэтак далей.

Адметкі пра судзімасці ёсць у 31 чалавека. Сярод іх: 21 найміт, трое кантракт так і не падпісалі, двое плануюць. З сямю звязацца не ўдалося.

У атрыманым ад украінскай разведкі спісе выяўлены дзевяць былых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Беларусі. Шасцёра — дакладна падпісалі кантракты.

Вядома пра гібель 105 беларускіх кантрактнікаў. Зніклі без вестак — 84. З вялікай верагоднасцю ужо загінуў амаль кожны пяты беларус, які ваюе на баку Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.