Больш за палову беларускіх наймітаў мелі судзімасць — "Кіберпартызаны"
Беларускія найміты на службе Расіі / "Кіберпартызаны"
"Кіберпартызаны" прааналізавалі спіс беларускіх наймітаў, якія падпісалі кантракт са Узброенымі Сіламі РФ у першай палове 2025 года. У спісе, які абнародаваў укранскі праект "Хачу жыць", было 596 чалавек.
Васьмёра з іх, як пішуць "Кіберпартызаны", ужо згадваліся ў папярэднім спісе, астатнія — новыя.
575 чалавек з гэтага спісу сапраўды мелі беларускае грамадзянства па стане на 2021 год.
Больш за палову наймітаў (каля 57%) па стане на 2021 год мелі судзімасці або знаходзіліся ў вышуку. Многія таксама лічацца тымі, хто даўно не працуе на тэрыторыі Беларусі.
Прычым ва ўсіх дата падпісання кантракту з Узброенымі Сіламі Расіі — 2025 год. "Кіберпартызаны" прыйшлі да высновы, што гэта былыя і дзеючыя зняволеныя, якія падпісваюць кантракт з войскам, каб выйсці з-за кратаў.
Верагодна, як і ў папярэднім спісе, частка наймітаў да вярбоўкі пастаянна жылі або адбывалі пакаранне па крымінальных артыкулах на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.