Кіраўнік МЗС Чэхіі: "Пуцін — баязлівец, які нападае на жанчын і дзяцей"

Падчас абстрэла ў Кіеве / Reuters
"Пуцін — баязлівец, які нападае на жанчын і дзяцей". Кіраўнік МЗС Чэхіі рэзка адрэагаваў на начны абстрэл Украіны.
Ян Ліпаўскі заклікаў не спыняць дапамогу Украіне. Паводле яго, спыненне дапамогі ў цяперашняй сітуацыі — гэта тое самае, што ўстаць на бок агрэсара.
"Пуцін робіць выгляд, што хоча спыніць вайну, але насамрэч ён толькі імкнецца забіць як мага больш украінцаў. Мінулай ноччу ён запусціў больш за 800 беспілотнікаў і ракет, забіўшы маці і яе двухмесячнае дзіця", — дадаў дыпламат.
Уночы расіяне запусцілі па Украіне больш за 800 дронаў і ракет. Удары прыйшліся па Кіеве, Дняпры, Крывым Рогу, Запарожжы, Адэсе, Харкаве Паводле Уладзіміра Зяленскага, некалькі дронаў перасяклі беларуска-ўкраінскую мяжу.
Найбольш маштабныя разбурэнні зазнаў Кіеў. Там пашкоджаныя некалькі жылых шматпавярховікаў — у адным з іх загінулі маці і яе двухмесячны сын.
Ракета трапіла ў дом паўабаронцы партугальскага футбольнага клуба "Бенфіка" і зборнай Украіны Георгія Судакова. "Расіяне, відаць, будуць казаць, што ў маім доме захоўваецца вайсковая тэхніка", — змацыйна адрэагаваў футбаліст.
Упершыню за час поўнамаштабнага ўварвання дрон трапіў у будынак Кабінета міністраў — на яго даху і апошніх паверхах утварыўся пажар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.