Больш за 30 крам "Святлафор" закрылі ў Беларусі
Крама сеткі "Святлафор" / Office Life
У Беларусі прыпыненая праца 31 крамы расійскай гандлёвай сеткі "Святлафор". Крамы закрылі ў розных рэгіёнах краіны.
Як паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, крамы не адновяць працу "да ліквідацыі парушэнняў, якія ствараюць непасрэдную пагрозу здароўю спажыўцоў".
Санслужба Мінздароўя ў жніўні праверыла крамы сеткі "Святлафор", якія належаць ТАА "ВіцебскПрадуктСэрвіс", ТАА "ГомельПрадуктСэрвіс", ТАА "ЛенПрадуктСэрвіс" і ТАА "МасПродуктСэрвіс". І ва ўсіх знайшла парушэнні.
Найбольш частыя парушэнні звязаныя з асабістай гігіенай персаналу, а таксама з выкладкай і захоўваннем прадуктаў. На іх прыпала больш за 60%. Таксама ў санслужбы ўзнікла шмат пытанняў да санітарна-тэхнічнага стану памяшканняў — у прыватнасці, да ўтрымання гандлёвых залаў, складскіх зон і халадзільнага абсталявання.
З абарачэння ў крамах сеткі канфіскавалі больш за 14,6 тоны небяспечнай прадукцыі, выдадзена 36 прадпісанняў аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў. Пад закрыццё трапіла кожная трэцяя правераная крама.