Лукашэнка расказаў пра "самую вялікую праблему сёння ў Беларусі"

Аляксандр Лукашэнка / прэс-служба Лукашэнкі
Самая вялікая праблема сёння для Беларусі — знайсці новыя рынкі збыту для айчыннай прадукцыі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергеенкам.
А прадаць сваю прадукцыю Беларусь, паводле Лукашэнкі, не можа "праз пэўныя, аб'ектыўныя прычыны" ў Расіі.
Таксама ён згадаў нядаўні візіт Сергеенкі ў В'етнам, дзе абмяркоўвалася ў тым ліку магчымасць супрацоўніцтва з БелАЗам і "Белшынай". Лукашэнка за гэта яго пахваліў: "Вы адчуваеце і ведаеце, што гэта самая вялікая праблема сёння ў Беларусі — замясціць той аб'ём, які мы не можам сёння прадаць праз пэўныя, аб'ектыўныя прычыны ў Расійскай Федэрацыі, і на трэку далёкай дугі мы павінны ў гэтым плане працаваць".
Таксама Лукашэнка паведаміў, што сустракаўся з прэзідэнтам в'етнама падчас сваёй паездкі ў Кітай. І дадаў, што бліжэйшым часам разам з МЗС будзе разглядацца пытанне аб абмене візітамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.