У Польшчу прыедзе кіраўнік МЗС Кітая, абмяркуюць і Беларусь

Ван І / aa.com.tr
Міністр замежных спраў КНР Ван І наведае Польшчу 15 верасня. Гэта будзе першы афіцыйны візіт за апошнія шэсць гадоў. Ён плануе сустрэцца з кіраўніком польскага МЗС Радаславам Сікорскім і прэзідэнтам Каралем Наўроцкім, піша Gazeta Wyborcza.
Паводле іхніх крыніц у МЗС, падчас перамоваў Радаслава Сікорскага з кіраўніком кітайскай дыпламатыі адной з галоўных тэм стане роля Кітая ў адносінах з Расіяй і Беларуссю, а таксама ўцягнутасць Пекіна ў вайну ва Украіне.
Будзе закранута і пытанне наступстваў напружаных польска-беларускіх адносінаў для Кітая. Пекін уважліва сочыць за сітуацыяй на мяжы дзвюх краін. 11 верасня, у сувязі з вучэннямі "Захад-2025", Польшча закрыла памежныя пераходы ў Беларусь. У выніку гэтага рашэння Варшавы быў заблакаваны, у прыватнасці, чыгуначны пагранічны пункт у Малашэвічах, які ў кітайскіх СМІ называюць "брамай у Еўропу".
"Для Кітая гэта важнае пытанне", — кажуць польскія дыпламаты.
Яны падкрэсліваюць, што праз Малашэвічы цяпер праходзіць 13% кошту кітайскага экспарту ў Еўропу. Закрыццё тэрмінала стварае сур'ёзную праблему для Пекіна, які хоча інвеставаць у чыгуначныя перавозкі.
Выданне адзначае, што Кітай здольны эфектыўна ціснуць на Беларусь. Пасля леташняй сустрэчы Анджэя Дуды з старшынём КНР Сі Цзіньпінам у Пекіне колькасць мігрантаў на мяжы істотна скарацілася. Аднак паляпшэнне працягвалася толькі некалькі месяцаў.
Таксама Wyborcza піша, што іншай важнай тэмай перамоваў паміж Ван І і Сікорскім стане экспарт польскай птушкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.