“Хранова будзе ўсім”. Як ціха зачынялася беларуска-польскае памежжа

Зачынены памежны пераход "Тэрэспаль"

Зачынены памежны пераход "Тэрэспаль" / Еўрарадыё

Апоўначы 12 верасня польскія ўлады бестэрмінова закрылі “Тэрэспаль” — апошні з шасці памежных пераходаў паміж краінамі. 

Журналіст Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі з’ездзіў паглядзець, як вандроўнікі і мясцовыя жыхары сустрэлі гэтую падзею.

***

Бясконцы імглісты дождж. Пустынныя вуліцы з заблукаўшымі мінакамі. Толькі на гарадскім стадыёне кіпіць жыццё — у дэрбійным паядынку счапіліся футбольныя клубы “Мяжа Тэрэспаль” і “Лютня Пішчач”.

Падавалася б, звычайны млявы восеньскі вечар чацвярга для Тэрэспаля — невялікага памежнага гарадка, якога ад Брэста аддзяляе хвалістая стужка Буга. Калі б не адна акалічнасць — тут праз сем гадзін на нявызначаны час закрыюць апошні памежны пераход Польшчы з Беларуссю. 

“Хранова будзе ўсім”. Як ціха зачынялася беларуска-польскае памежжа
Кіроўцы перад уездам памежнага пераходу "Тэрэспаль" / Еўрарадыё

Нельга сказаць, што гэта было нечакана — польскія ўлады паступова выспявалі да такога кроку, рэагуючы на гібрыдныя атакі і правакацыі з боку рэжыму Лукашэнкі. Кубак цярпення перапоўніўся сёлетнім вераснем — напярэдадні расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў. 

Сумны настрой адчуваецца ў паветры перад пунктам пропуску, дзе стварылася невялікая чарга з двух рэйсавых аўтобусаў, мінівэнаў і дзясяткаў легкавушак. Праз пяць хвілін да іх з рыкам далучаюцца тры байкеры-матацклісты, адзін з якіх адразу ідзе на кантакт. Мужчына абазначае сябе палякам, які жыве ў Беларусі, а ў Польшчу ездзіць праз атрыманы ПМЖ.

“Што я думаю пра закрыццё мяжы? Што хранова будзе. Прычым ўсім: і палякам, і беларусам”, — эмацыйна выпальвае байкер. 

Ён кажа, што цяпер ездзіць на працу будзе нязручна — трэба рабіць крук праз Літву, “а гэта дадатковы час і грошы”.

“Я быў на ўсіх памежных пераходах, і ў “Каменным лозе” да беларусаў з польскімі візамі і ВНЖ ставяцца насцярожана. Пакуль пачакаю развіцця падзеяў, але не думаю, што мяжу адчыняць хутка — падставаў для гэтага няма”. 

У белага рэйсавага аўтобуса “Варшава—Брэст” адчынены дзверы. Ля іх кураць некалькі мужчын і абмяркоўваюць чуткі, што на 17 верасня ўжо прадаюцца квіткі ў Польшчу. А калі прадаюцца, значыць закрыццё межаў часовае! 

Мімалётную ідылію разбураае вынырнуўшы з салона кіроўца. 

“Адкуль вы ўсё гэта ўзялі? Аўтобусны нічога нам пра гэта не казаў — будуць нас перакідваць на іншыя маршруты, каб прастояў не было”.

Перабягаю з дарогі на пешаходны пераход і чую вокліч.

“Хранова будзе ўсім”. Як ціха зачынялася беларуска-польскае памежжа
Памежны пераход "Тэрэспаль" / Еўрарадыё

“Мужчына, а ў вас ёсць польскія правы кіроўцы? А то свае забылася, а сама на транзітных нумарах”. Гэта крычыць жанчына, якая гледзячы па ўсім, пераганяе Opel Corsa на продаж у Беларусь.

“На жаль не, яшчэ не паспеў памяняць на польскія”, — адказваю ёй.

Суразмоўніца акзваецца беларускай, сям’я якой жыве ў Польшчы. “Я думаю, што мяжу не адкрыюць яшчэ доўга. Закрыць што-небудзь заўсёды прасцей, чым потым паспрабаваць адчыніць”, — кажа суразмоўніца і развітваецца.

На памежным пераходзе працуюць некалькі абменных пунктаў, крама Duty Free і невялічкае кафэ. Уладальнік апошняга — мужчына пад пяцьдзясят гадоў, жыхар Тэрэспаля. Ён прызнаецца, што ягоны бізнес ад закрыцця мяжы не закрыецца, але сама сітуацыя выклікае толькі сум.

“Канешне мне не падабаецца, што цяпер адбываецца паміж краінамі. Але магу зразумець наш урад — спачатку мігрантамі ціснулі, цяпер вось дроны прылятаюць. Трэба абараняць свой дом, калі нармальных словаў людзі не разумеюць”, — разважае суразмоўца.

Бліжэй да ночы пераход цалкам пусцее, памежнікі ўключаюць чырвоныя агні  светлафораў. Новы зменшчык у салатавай камізэльцы выстаўляе перад уездам чырвона-белыя пластыкавыя буйкі — заехаць на тэрэторыю “Тэрэспаля” больш нельга. Прынамсі, пакуль не наступяць больш спакойныя часы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.