Беларусь дапамагае абыходзіць санкцыі ЕС супраць расійскіх дыяментаў

Беларусь выконвае ролю юрыдычнага і лагістычнага "экрана"

Беларусь выконвае ролю юрыдычнага і лагістычнага "экрана" / pixabay.com

Беларусь дапамагае Расіі абыходзіць санкцыі ЕС, якія накіраваныя супраць імпарту расійскіх дыяментаў. Пра гэта гаворыцца ў новым расследаванні ініцыятывы BELPOL. 

1 студзеня 2024 года ў межах 12-га пакета санкцый уступіла ў сілу забарона на прамы і ўскосны імпарт, куплю і перадачу дыяментаў з Расіі, што сур’ёзна абмежавала рынак гэтай сыравіны.

Каб абысці гэтую забарону, у Беларусі была зарэгістраваная кампанія ТАА "АвалонТэхСэрвіс", якая стала ключавым аператарам паставак расійскай дыяментнай прадукцыі на знешнія рынкі праз Беларусь. Гэтая фірма ўваходзіць у склад свабодных эканамічных зон ЕАЭС, што спрашчае ёй працу з мытняй і лагістыкай.

Як працуе схема

Схема выглядае так: дыяменты расійскіх кампаній афармляюцца праз пасярэдніка ТАА "ВТП" і дастаўляюцца ў Беларусь праз кампанію "ТБСС" або наўпрост. На тэрыторыі краіны "АвалонТэхСэрвіс" заключае дамову з РУП "Спецсувязь", якая забяспечвае перавозку і часовае захоўванне грузаў.

Для надання "легальнасці" дыяменты праходзяць праз дзяржаўную кампанію "Крышталь", якая займаецца агранкай і перапродажам. Фінансавыя аперацыі старанна хаваюцца праз нацыянальныя банкі і небанкаўскія фінансавыя арганізацыі.

Далейшыя пастаўкі ажыццяўляюцца праз Нацыянальны аэрапорт Мінска і мытны сэрвіс "Белтаможсэрвіс" з канчатковымі атрымальнікамі — кампаніямі з ААЭ, Індыі і Ганконгу. Грошы вяртаюцца наяўнымі па той жа схеме.

Беларусь выступае як юрыдычны і лагістычны "экран", забяспечваючы прававую абарону і дзяржаўныя гарантыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.