Новы пакет санкцый супраць Расіі ЕС можа прыняць ужо ў верасні

Санкцыі, ілюстрацыйнае фота / Reuters
Еўрасаюз плануе прыняць 19-ы пакет санкцый супраць Расійскай Федэрацыі ўжо ў верасні. Пра гэта прэс-служба Еўракамісіі паведаміла на брыфінгу ў Бруселі 14 жніўня.
Якія менавіта гэта могуць быць санкцыі, у Еўракамісіі ўдакладніць адмовіліся. "Добрая спроба", — іранічна адказала прадстаўніца прэс-службы ЕК на пытанне карэспандэнткі DW пра дэталі новага пакета.
Раней кіраўніца дыпламатычнай службы ЕС Кая Калас казала, што Брусель выступае супраць абмеркавання якіх-небудзь саступак Маскве і рыхтуе новы пакет санкцый супраць РФ. Яна заявіла, што няма сэнсу абмяркоўваць ніякія саступкі Крамлю, бо Расія не пагадзілася на поўнае і безумоўнае спыненне агню. "Гэта ніколі не працавала з Расіяй у мінулым і не будзе працаваць з Пуціным сёння", — падкрэсліла Калас.
Невядома, ці ўвойдуць у 19-ы пакет санкцый якія-небудзь меры супраць рэжыму Лукашэнкі. У 18-м пакеце, прынятым сёлета ў ліпені, была забарона праводзіць любыя банкаўскія аперацыі з чатырма банкамі РБ, а таксама ў "чорны спіс" ЕС трапілі прадпрыемствы, звязаныя з расійскім ВПК.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.