У МЗС Беларусі напісалі інструкцыю для абыходу санкцыяў

Грузавы цягнік з цыстэрнамі, ілюстрацыйнае фота / East News, Stanislaw Bielski/REPORTER
Міністэрства замежных спраў Беларусі ў чэрвені 2025 года падрыхтавала даклад, у якім сабрала разнастайныя спосабы абыходу санкцый.
Дакумент займае тры аркушы, метады абыходу санкцый у ім называюцца "некаторымі спосабамі процідзеяння санкцыйнаму ціску". Гэты даклад арганізацыя былых сілавікоў BELPOL перадала "Белсату". У ім згадваюцца досвед Ірана, Сірыі, КНДР ды іншых краін, якія доўгі час знаходзяцца пад санкцыямі.
Сярод метадаў згадваецца падмена дакументаў і суправаджальных сертыфікатаў на тавары. Такія схемы беларускія ўлады выкарыстоўваюць часта — напрыклад, пры пастаўцы санкцыйнай драўніны ў ЕС пад выглядам сярэднеазіяцкай.
Іншы спосаб — гандаль забароненымі таварамі праз пасярэднікаў або рээкспарт. Да прыкладу, турэцкая кампанія купляе ў ЕС абсталяванне, забароненае для продажу ў Расію, а потым перапрадае яго расіянам. "Пры гэтым еўрапейскія вытворцы звычайна загадзя ведаюць, каму і куды яны прадаюць свае тавары. Таксама ў схемах часта ўдзельнічаюць кампаніі з ААЭ, Арменіі і Казахстану. Аналагічным чынам працуе і паралельны імпарт", – апісвае схемы МЗС. Беларусь такім чынам пастаўляла ў Расію люксавыя аўто, пакуль сама не трапіла пад санкцыі.
МЗС апісвае такія прыёмы, як змена ўладальніка або кіраўніцтва кампаніі, каб вывесці яе з-пад санкцый, а таксама стварэнне фірмаў-пракладак.
Таксама беларускія дыпламаты прапаноўваюць выкарыстоўваць бартар замест аплаты, адмаўляцца ад замежных валют пры разліках і выкарыстоўваць крыптавалюту. Праўда, кажуць у МЗС, заканадаўчая база з крыптавалютамі пакуль недастаткова распрацаваная, дый аплату можна адсачыць і канфіскаваць сродкі.
Таксама дыпламаты рэкамендуюць наймаць спецыялістаў у ЕС, ЗША і Канадзе для кансультацый па абыходзе санкцый, бо яны лепш ведаюць сваё заканадаўства. Праўда, такія кансультацыі незаконныя і караюцца крымінальнай адказнасцю. Таму дыпламаты раяць карыстацца кансультацыямі "pro bono"” (бясплатная дапамога ў сферах права, IT, HR, фінансаў), якія не падлягаюць дзяржаўнаму рэгуляванню. А аплата кліентам потым выстаўляецца нібыта за іншыя аказаныя паслугі.
Таксама у МЗС прапануюць выкарыстоўваць фірмы-пракладкі для аплаты кампаніям у той ці іншай краіне.
На марскім транспарце МЗС раіць адключаць сістэмы аўтаматычнага апазнавання (AIS) на судах ці маніпуляваць данымі, каб перадаваць фальшывае найменне і нумар карабля Міжнароднай марской арганізацыі (IMO). Такім чынам можна схаваць наступны порт заходу судна або іншую інфармацыю аб рэйсе. Можна проста зафарбаваць нумар судна і выдаць сябе за іншае.
Забароненыя для паставак тавары, найперш нафту і вугаль, МЗС рэкамендуе нелегальна перагружаць з аднаго судна на іншае. Рабіць гэта ў ведамстве раяць уначы.
Таксама прапануецца выбіраць незвычайныя маршруты, каб схаваць канчатковы пункт прызначэння, паходжання грузу альбо яго атрымальніка. Караблі, якія возяць падсанкцыйныя тавары, могуць часта мяняць рэгістрацыю ў розных краінах, каб іх было цяжэй адсачыць. Альбо можна змешваць тавары, каб зрабіць выгляд, што яны не з краіны, якая пад санкцыямі: "Паводле некаторых даных, гэты спосаб выкарыстаў для сваёй нафты Іран пры дапамозе Грэцыі, у партах якой ажыццяўлялася гэтая працэдура. Для легалізацыі канчатковага прадукту дастаткова, каб больш за палову сыравіны на борце паходзіла з дзяржавы, на якую санкцыі не распаўсюджваюцца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.