Абавязковую дактыласкапію ўладальнікаў замежных ВНЖ хочуць увесці ў РБ

Адбітак пальца, ілюстрацыйнае фота

Адбітак пальца, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У Беларусі плануецца ўвесці абавязковую дзяржаўную дактыласкапічную рэгістрацыю для грамадзян краіны, якія маюць від на жыхарства або грамадзянства іншых дзяржаў. Адпаведны праект закона апублікаваны 12 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

З дакумента вынікае, што яго ўжо ўхвалілі Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Цяпер законапраект будзе накіраваны на подпіс Аляксандру Лукашэнку.

Згодна з праектам абавязковую дактыласкапічную працэдуру павінны прайсці грамадзяне Беларусі, якія атрымалі грамадзянства замежнай дзяржавы, ці від на жыхарства, ці іншы дакумент, які дае права на льготы (хутчэй за ўсё маецца на ўвазе карта паляка), і паінфармавалі пра гэта органы МУС або дыппрадстаўніцтвы Беларусі. Таксама абавязковая дактыласкапія плануецца для грамадзян Беларусі, якія выехалі на пастаяннае пражыванне за мяжу і сталі на консульскі ўлік.

Выключэнне зробленае для непаўналетніх, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту, і асоб, якія дасягнулі 75-гадовага ўзросту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.