Праз туман у Магілёве не змог сесці самалёт з Шарм-эш-Шэйха

Самалёт, ілюстрацыйнае фота

Самалёт, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Самалёт, які вяртаўся з егіпецкага курорта Шарм-эш-Шэйх, не змог 3 снежня прызямліцца ў Магілёве — гэтаму перашкодзіў густы туман. У выніку рэйс перанакіравалі ў Мінск.

Як піша "Мінская праўда", рэйс праходзіў у штатным парадку. Толькі перад заходам на пасадку пілот паведаміў пасажырам, што мае "не вельмі добрыя весткі". Ён сказаў, што праз метэаўмовы няма гарантый бяспечнай пасадкі ў Магілёве, таму самалёт адпраўляецца на запасны аэрадром у Мінск.

Дарэчы, напярэдадні ў Беларусі сапраўды быў туман. А ў магілёўскім аэрапорце няма неабходных сістэм дакладнага заходу на пасадку, каб ажыццявіць пасадку самалёта пры нізкай бачнасці. У мінскім аэрапорце магчымасці значна лепшыя.

Паведамляецца, што самалёт паспяхова прызямліўся ў Мінску, хоць яму давялося прабівацца праз складаную воблачнасць. Пасля пасадкі пасажыры адправіліся ў Магілёў аўтобусам — дарога заняла каля чатырох гадзін.

Дарэчы, гэты ж самалёт мусіў даставіць у Егіпет новую партыю адпачывальнікаў. Ім давялося вылятаць таксама з Мінска.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.