Праваабаронцу Таццяну Процьку дапыталі па справе Каардынацыйнай рады
Былую кіраўніцу Беларускага Хельсінкскага камітэта Таццяну Процьку дапыталі ў Следчым камітэце па справе Каардынацыйнай рады. Як сама яна напісала ў Фэйсбуку, выклікалі ў якасці сведкі.
"Сёння выклікалі ў Следчы камітэт па крымінальнай справе Каардынацыйнай Рады. У якасці сведкі. Так і хочацца напісаць — пакуль. Таму што выстаўленыя мне следчыя матэрыялы, калі ўсё гэта пойдзе па сцэнарах 1936-1937 гг., вельмі лёгка дазволяць перайсці ў іншую катэгорыю", — адзначыла Процька, якая як гісторык даследавала савецкія рэпрэсіі.
Пры гэтым яна адзначыла, што следчы адпрэчыў параўнанне з сумна вядомым 1937 годам. І яна пагадзілася з ім: "Але дакладна згодная са следчым, што гэта не зусім 1937 год — не было страху. Ні ў мяне, ні, як мне здалося, і ў следчага".
Цікава, што сама Процька не ўваходзіць у асноўны склад Каардынацыйнай рады. Але, на яе думку, гэта не мае значэння. Гэтую справу яна параўнала са сталінскай справай Беларускага нацыянальнага цэнтра 1930-х гадоў: "Схема следства нагадала мне справу Беларускага нацыянальнага цэнтра. Там ёсць вораг — ідэолаг і натхняльнік. Дык я магу прэтэндаваць на такую ролю".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.