Прадстаўнік Лукашэнкі выявіў, што ў Паставах ніяк не могуць дабудаваць бальніцу

Будаўніцтва Пастаўскай раённай бальніцы / прэс-служба Палаты прадстаўнікоў
У Паставах ніяк не могуць дабудаваць раённую бальніцу. Гэта выявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў і ўпаўнаважаны прадстаўнік Лукашэнкі ў Віцебскай вобласці Ігар Сергеенка.
12 жніўня ён наведаў Пастаўскі раён. Тэмпы будаўніцтва новага корпуса лякарні яму не спадабаліся, паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў. Сергеенка заявіў, што прычына ў недахопе будаўнікоў.
"Нізкія тэмпы работ, не хапае будаўнікоў. Аб'ект забяспечаны фінансаваннем з рэспубліканскага бюджэту, з абласнога бюджэту. Былі выказаныя прэтэнзіі і кіраўніка падрадчыка — гэта Глыбоцкі УКБ, і будаўнічая арганізацыя", — заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Ён даручыў Віцебскаму аблвыканкаму "ўзяць на асабісты кантроль і прыняць меры па ўзмацненні прысутнасці будаўнікоў-аддзелачнікаў".
Будаўнікі застаюцца аднымі з самых запатрабаваных спецыялістаў у краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.