Пратэрмінаваную мясную прадукцыю знайшлі ў кожнай другой краме "Маяк"
Крама "Маяк", ілюстрацыйнае фота / Яндекс Карты
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю правяло маніторынг крамаў сеткі "Маяк" (ЗАТ "Дабраном"). Праверкі прайшлі ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Гродне ды іншых гарадах.
Паведамляецца, што прычынай паслужылі скаргі грамадзян.
Праверкі выявілі парушэнні заканадаўства ў 88% правераных крамаў.
Амаль у кожнай другой праверанай краме (47%) прадавалася "прадукцыя са скончаным тэрмінам прыдатнасці ад 1 да 15 дзён — мясная прадукцыя, паўфабрыкаты з мяса птушкі, сыр, печыва, гародніна ды іншыя прадукты".
Інспектары МАРГ выпісалі прадпісанні аб забароне рэалізацыі недабраякаснай прадукцыі на суму звыш 650 рублёў. Юрыдычную асобу абяцаюць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.