Беларусь стала найбуйнейшым пакупніком свініны ў Расіі

Мяса, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У 2025 годзе Беларусь заняла першае месца сярод краін-імпарцёраў расійскай свініны.
Са студзеня да красавіка Беларусь набыла ў Расіі свініны на суму каля 100 млн долараў. Другое месца па пастаўках заняў В'етнам (88 млн долараў), на трэцім аказаўся Кітай, які купіў удвая менш за Беларусь (50 млн долараў).
Кіраўнік расійскай Нацыянальнай мясной асацыяцыі Сяргей Юшын кажа, што прычынай такіх вялікіх закупаў стала пагаршэнне эпізаатычнай сітуацыі ў Беларусі — гэта значыць, распаўсюд інфекцый сярод жывёл.
"Першапачаткова краіна з'яўлялася буйным вытворцам свініны і нават у розныя гады пастаўляла нам да 60 000 тон свініны, але сутыкнулася з ускладненай эпізаатычнай сітуацыяй і цяпер вымушаная для задавальнення патрэб уласнай перапрацоўкі закупляць і мяса, і субпрадукты (у асноўным шпег)", — перадае Forbes яго словы.
Паводле яго, у першай палове гэтага года на долю Беларусі прыпадаюць 43% усіх паставак расійскай свініны.
Беларускія чыноўнікі не каментавалі сітуацыю са свінінай. Аднак статыстыка за мінулы год, як заўважае выданне "Зеркало", пацвярджае сур'ёзны падзёж жывёлы ў некаторых раёнах. Аднак Белстат сцвярджае, што ў гандлі прысутнічае толькі беларуская свініна. Гэта можа азначаць, што ўся расійская прадукцыя ідзе на перапрацоўку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.